Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі вызначыў цану паляваньня на чырванакніжных мядзьведзяў і рысяў, ахоўны статус якіх панізілі

Рысь у заапарку ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота
Рысь у заапарку ў Горадні. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі пастановай № 233 вызначыў мінімальную цану дазволаў на здабычу рысі і бурага мядзьведзя, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Дакумэнт апублікавалі 24 красавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Пастанова ўводзіць мінімальную цану дазволу на здабычу мядзьведзя:

  • 500 рублёў — для грамадзян Беларусі або іншых краін ЭАЭС;
  • 1000 рублёў — для грамадзян іншых краін.

За дазвол паляваць на рысяў давядзецца заплаціць:

  • 200 рублёў — для грамадзян Беларусі і краін ЭАЭС;
  • 500 рублёў — для астатніх іншаземцаў.

Акрамя гэтага, паляўнічыя павінны набыць адмысловую паляўнічую пуцёўку, яна каштуе сама меней 5 рублёў на чалавека. Безь яе дазвол ня дзейнічае.

Новыя правілы паляваньня набываюць моц з 21 траўня 2025 году.

Рысь і мядзьведзь уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі і застаюцца ахоўнымі відамі. Разам з тым, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі пастановай № 10 ад 14 сакавіка 2025 году панізіла іх ахоўны статус.

Да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі), а таксама зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі).

Зьмену іх статусу некалькі гадоў лябіяваў былы кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, які стаў старшынём Беларускага таварыства паляўнічых і рыбакоў.

У Беларусі пагалоўе бурага мядзьведзя, паводле розных ацэнак, складае ад 500 да 900 асобін. Колькасьць рысяў летась ацэньвалі ў 1600 асобін.

У лістападзе 2024 году ўказам № 420 у Беларусі дазволілі паляваць на мядзьведзя і рысь у «асаблівым рэжыме, які дае магчымасьць кантралявана рэгуляваць іх колькасьць, на падставе плянаў кіраваньня папуляцыямі, якія распрацоўвае Нацыянальная акадэмія навук Беларусі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG