Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купалаўцы» паказалі спэктакль паводле твору сакрэтнага аўтара. Расказваем, як прайшла прэм’ера

«Вольныя Купалаўцы» 29 і 30 чэрвеня завяршаюць свой шосты сэзон у эміграцыі прем’ерай спэктакля «Наступны прыпынак». Квіткі ў Варшаве разьляцеліся імгненна. Пабывалі на спэктаклі, пагаварылі з рэжысэрам Аляксандрам Гарцуевым.

Спэктакль «Наступны прыпынак» рэжысэр Аляксандар Гарцуеў паставіў паводле твораў невядомай аўтаркі, якая хаваецца пад псэўданімам Каміла Цень. У 2018–2025 гадах яна выдала тры аповесьці: «Я прыду за табой у аўгусьце», «Наступны прыпынак сьмерць», «Сакрэт фірмы».

Сам рэжысэр прызнаецца, што ня ведае сапраўднага імя аўтаркі і увогуле не здагадваецца, хто гэта. Хутчэй за ўсё, гэта жанчына сярэдняга веку, якая памятае пра тое, што было ў Менску яшчэ ў савецкія часы. Да прыкладу, папулярную танцавальную пляцоўку ў парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка, вядомым пад назваю Карчы.

«Ведаю людзей, якія ведаюць аўтарку, але яны не прызнаюцца, хто гэта. Кажуць, што калі выйдзе наступная кніжка, тады яна будзе „раскрывацца“», — кажа Гарцуеў.

«Нельга ўсё жыцьцё сядзець і дзяўбці пра адно і тое ж»

Паводле рэжысэра, новая пастаноўка істотна адрозьніваецца ад папярэдніх працаў «Вольных Купалаўцаў» (кшталту спэктакляў «Экстрэмісты», «Валізка», «Менскае мора»), прысьвечаных падзеям 2020 году і палітычным рэпрэсіям.

«Прайшло ўжо амаль 6 гадоў пасьля 2020 году, і гэтая тэма ня тое каб сыходзіць — яна паварочваецца іншым бокам, яна робіцца апасродкавана, празь нешта. Нельга ўсё жыцьцё сядзець і дзяўбці пра адно і тое ж. Гэта ненармальна. Тыя падзеі не пасыпаюцца попелам забыцьця, але мяняецца ракурс іх успрыманьня — жыцьцё ж не стаіць на месцы. Ня ўвесь жа час пра адно і тое ж гаварыць. Сама літаратура даволі незвычайная: пра Менск сёньняшні і пра тых людзей, якія ня ўдзельнічалі ў падзеях 2020 году, пра глыбінны народ, які быццам бы збоку», — тлумачыць Аляксандар Гарцуеў.

Падчас спэктаклю
Падчас спэктаклю

Галоўныя героі пастаноўкі — кантралёрка грамадзкага транспарту Зінаіда Юр’еўна і яе напарнік Гаркавы. Людзі, нібыта далёкія ад палітыкі, але сын Юр’еўны Дзьмітры адседзеў «15 сутак» і зьехаў з жонкай у Польшчу, сын Гаркавага даўно жыве ў Чэхіі. Зінаіда Юр’еўна вельмі сумуе па сыне, хоча, каб ён вярнуўся. Польшча ёй не падабаецца, маўляў, «туды уехалі самыя няўдачнікі, а усьпешныя праграмісты уехалі ў Сінгапур або Тайланд». Яна кажа на трасянцы: «Лучшэ няхай у той Польшчы сядзіць, чым на сутках».

Галоўная гераіня Зінаіда Юр’еўна для Гарцуева ў прынцыпе сымпатычная і цікавая асоба. Яна начытаная: любіць цытаваць Амара Хаяма, ведае прыказкі й прымаўкі, папулярныя гіты савецкіх часоў. Але рэжысэр дазволіў сабе крыху зьмяніць ейны характар.

«Яна ў мяне крыху іншая, чым у Камілы Цень. У кніжцы ў яе характары мне ня ўсё спадабалася, ня ўсё я разумеў. Таму як творца, як пастаноўшчык спэктаклю я сабе дазволіў нешта дадаць — я ж ня толькі спэктакль ставіў, я таксама інсцэніроўку рабіў. Таму крыху зьмяніў кантэкст у той бок, які мне падаўся больш прыдатным для спэктаклю. Гэта маё аўтарскае бачаньне», — прызнаецца Аляксандар Гарцуеў.

Пастаноўка ідзе з польскімі субтытрамі ў невялікім варшаўскім тэатры Potem-o-tem. Тэатар Scena Przodownik, дзе апошнім часам рэпэтавалі і паказвалі спэктаклі «Купалаўцы», закрыўся на рамонт. А свайго памяшканьня ў «Купалаўцаў» у Варшаве дагэтуль няма.

Прэм'ера "Наступнага прыпынку" адбылася ў Варшаве 29 чэрвеня
Прэм'ера "Наступнага прыпынку" адбылася ў Варшаве 29 чэрвеня

У спэктаклі граюць 4 акторы: Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Кацярына Яворская і Ігар Сігоў. Сюжэт такі: галоўныя героі, звычайная кантралёрка грамадскага транспарту Зінаіда Юр’еўна (Валянціна Гарцуева) і яе верны памочнік Гаркавы (Сяргей Чуб), разблытваюць загадкавае зьнікненьне маладога чалавека Аляксея, якога ўжо тры месяцы шукае бацька ў парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка. Галоўныя месцы падзеяў — сталічны парк, кавярня ўнівэрмагу «Беларусь», кватэра кіроўцы трамваю Алены, прыпынкі грамадзкага транспарту ў Заводзкім раёне сталіцы. Узгадкі пра Менск і абвесткі прыпынкаў на прэм’еры выклікалі ў гледачоў настальгію і ўздыхі.

Цяжкасьці перакладу з трасянкі

Мова спэктаклю, як і мова кніг Камілы Цень — трасянка. Акторам было цяжка на рэпэтыцыях, яны пастаянна пераходзілі на чыстую літаратурную мову, даводзілася пастаянна іх папраўляць, прызнаецца рэжысэр. Дарэчы, у 2018 годзе ў Беларусі тагачасны мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін паставіў гогалеўскага «Рэвізора» на трасянцы, прычым чыноўнікі размаўлялі выключна на ёй, і толькі Хлестакоў, што прыехаў з сталічнага Санкт-Пецярбугу, гаварыў на чысьцюткай, выбітнай беларускай мове.

Для спэктаклю надрукавалі адмысловыя квіткі
Для спэктаклю надрукавалі адмысловыя квіткі

У «Наступным прыпынку» ўсе героі гавораць на трасянцы, толькі сын Зінаіды Юр’еўны Дзьмітры, які жыве ў Польшчы, размаўляе з маці праз тэлефон па-беларуску. Тая абураецца: хтосьці сядзіць у Вільні і выдумляе дзіўныя, на яе думку, беларускія слоўцы, кшталту «імбрык» замест «панятнага чайніка» ці «Нямеччыну».

«Як слышу Нямеччына, у меня адразу настраеніе порціцца», — наракае гераіня Але сама яна, калі тэлефонныя махляры спрабуюць «разьвесьці» яе на грошы, пераходзіць на чыстую беларускую мову і заклікае іх паўтарыць сваю просьбу па-беларуску. Адзначаючы, якая беларуская мова мэлядычная і прыгожая. Тыя адразу спыняюць размову.

У спэктаклі ёсьць такі дыялёг, калі адзін з герояў зьвяртаецца да Юр’еўны і кажа: «Ты, канечне, ураг, але калі ўсіх урагоў пасадзіць, то хто ж у стране работаць будзе? Кітайцы і пакістанцы?» Тэму кітайцаў, якія запаланілі беларускую сталіцу і будуюць у Заводзкім раёне новы стадыён, з гумарам абмяркоўваюць героі.

Захаваць беларускасьць за мяжой

Новы праект «Вольных Купалаўцаў» створаны пры фінансавай падтрымцы Centrum Mieroszewskiego. Беларуская трупа атырмала фінансаваньне па адкрытым конкурсе. Да фінансаваньня папярэдняга спэктакля — «Менскае мора» — спрычыніўся кіраўнік НАУ Павал Латушка, які дапамог з пошукам спонсараў. Як патлумачыў сам Латушка ў размове са Свабодай, у яго ёсьць маральны абавязак падтрымліваць «Купалаўцаў», бо ў 2020-м ён быў генэральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.

«Зразумела, я ўдзячны ўсім артыстам, супрацоўнікам тэатру, якія не пагадзіліся з тым гвалтам, што тварыўся ў нашай краіне ў 2020 годзе. Шмат хто зь іх пацярпеў і цярпіць да сёньняшняга дня, праходзячы празь вельмі цяжкія выпрабаваньні. Але тое, што „Купалаўцы“ захоўваюць беларускасьць за мяжой, падтрымліваюць тэатральнае мастацтва, мне здаецца, вельмі важна для ўсіх нас — і для беларусаў у эміграцыі, і для беларусаў унутры краіны.

Ну, а беларусаў за мяжой я заклікаю падтрымліваць „Купалаўцаў“ добрым словам, камунікацыямі, і калі ёсьць магчымасьць — то і фінансава. Дзеля таго, каб беларускае тэатральнае мастацтва магло разьвівацца. Я перакананы, што гэта будзе крыніцай для аднаўленьня, адраджэньня тэатральнага мастацтва і ўвогуле культуры ў будучыні», — кажа Павал Латушка.

30 чэрвеня «Наступны прыпынак» яшчэ раз пакажуць у Варшаве, але трапіць туды новым гледачам ужо ня ўдасца — усе квіткі даўно прададзеныя. Увосень «Купалаўцы» абяцаюць невялікі тур з новым спэктаклем па іншых гарадах Польшчы.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG