У Чарнобыльскай зоне адчужэньня тушаць лясны пажар, які пачаўся ў выніку падзеньня абломкаў расейскага бесьпілётніка. Адзін з ачагоў узгараньня ўжо патушылі, а ў іншых раёнах вядзецца лакалізацыя, паведаміла ўкраінскае Дзяржаўнае агенцтва кіраваньня зонай адчужэньня.
Пажары пагоршылі якасьць паветра ў Кіеве і частцы Кіеўскай вобласьці. Паводле спадарожнікавых зьвестак, шлейфы забруджваньня з падвышаным утрыманьнем чаднага газу і пылу распаўсюдзіліся на адлегласьць да 170 км.
Натуральна, дым з Чарнобыльскай зоны адчужэньня дайшоў і да Беларусі. Пад пагрозай задымленьня апынуўся поўдзень Брагінскага раёну, заўважыла выданьне «Флагшток».
Такім чынам, для жыхароў Камарына і суседніх населеных пунктаў захоўваюцца рызыкі ў сувязі з пераносам дымам радыеактыўных часціц, назапашаных у глебе пасьля аварыі 1986 году.
Акрамя звычайных прадуктаў гарэньня, гаворка можа весьціся аб цэзіі-137, стронцыі-90, а таксама — аб плютоніі і амэрыцыі.
Атакі Расеі на ЧАЭС і ўплыў на Беларусь
Расейскі бесьпілётнік у «зоне» 29 чэрвеня далёк ня першае здарэньне, зьвязанае з Чарнобыльскай АЭС за апошнія тыдні. Сур’ёзнае здарэньне адбылося каля станцыі 7 чэрвеня, тады расейскі ўдар нанёс значную шкоду канструкцыі памяшканьня, у якім прымаюць паліва, уключна з офісам Інспэкцыі МАГАТЭ, што знаходзіцца ў тым жа памяшканьні. У самой арганізацыі паведамілі, што «ўзроўні радыяцыі на аб’екце засталіся ў межах нормы».
Пазьней высьветлілася, што расейцы пацэлілі ў сховішча дронам «Герань-2».
Сховішча, у якое пацэлілі расейцы, прызначана для сухога захоўваньня адпрацаванага ядзернага паліва зь дзейных украінскіх атамных электрастанцыяў — Ровенскай, Хмяльніцкай і Паўднёваўкраінскай. Бясьпека і стан гэтага абʼекту выклікаюць павышаную ўвагу празь яго блізкасьць да зоны ваенных дзеяньняў і нядаўнія напады на інфраструктуру абʼекту.
А за два тыдні да таго, у ноч на 24 траўня расейскія войскі, сярод іншага, ракетай пацэлілі ў Чарнобыльскі музэй у Кіеве і разбурылі яго.
Кожная падобная атака Расеі можа моцна паўплываць і на экалёгію Беларусі, якая моцна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 40 гадоў таму. Геаграфічная блізкасьць Беларусі да ЧАЭС прычыняецца да таго, што радыеактыўныя часьціцы вельмі хутка трапляюць і на беларускую тэрыторыю, на тыя, землі, якія ўжо зазналі вялікага забруджваньня ў мінулым.
Форум