Грузінская служба Радыё Свабода аналізуе пляны Масквы.
23 чэрвеня Марат Камболаў фактычным выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта самабвешчанай Паўднёвай Асэтыі, а былы кіраўнік рэгіёну Алан Гаглоеў быў прызначаны дарадцам прэзыдэнта Расеі. Гэтаму папярэднічала «Пагадненьне аб паглыбленьні саюзьніцкага супрацоўніцтва» паміж Цхінвалі і Масквой, падпісанае ў расейскай сталіцы сёлета 9 траўня. Некаторыя экспэрты палічылі яго важным крокам да анэксіі рэгіёну.
Згодна з пагадненьнем, Расея і Паўднёвая Асэтыя маюць праводзіць скаардынаваную зьнешнюю і абаронную палітыку, паляпшаць сацыяльна-эканамічныя ўмовы і разьвіваць інфраструктуру, а таксама ўніфікаваць заканадаўства ў сфэрах працы, сацыяльнай абароны насельніцтва і пэнсійнага забесьпячэньня. Для таго, каб грамадзяне Расеі маглі працаваць у органах улады Паўднёвай Асэтыі, ім ужо ня трэба там стала пражываць.
Парлямэнт Грузіі заяўляе, што кадравыя зьмены ў Цхінвалі не заслугоўваюць сурʼёзных камэнтароў, а рашэньне аб анэксіі не прынята. Пры гэтым грузінскія дэпутаты прызнаюць, што падпісанае паміж Масквой і Ціхнвалі 9 траўня пагадненьне сапраўды зьяўляецца крокам да анэксіі, а рашэньні Расеі адносна акупаваных рэгіёнаў наносяць сурʼёзны ўдар па сувэрэнітэце Грузіі.
Расейскае выданьне РБК са спасылкай на прэс-сакратара Ўладзіміра Пуціна піша, што «зьмена кіраўніцтва ў Паўднёвай Асэтыі ня сьведчыць аб магчымым далучэньні рэспублікі да Расеі».
«На пытаньне журналіста, ці можна казаць пра тое, што зьмену кіраўніцтва ў рэспубліцы зьвязваюць з працэсам магчымага далучэньня Паўднёвай Асэтыі да Расеі, Дзьмітрый Пяскоў адказаў: „Нельга“», — піша РБК.
Аднак расейскае выданьне «Коммерсант» працытавала сваю крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі:
«Настаў час вырашаць стратэгічнае пытаньне статусу і далейшага разьвіцьця Паўднёвай Асэтыі. Неабходна як мага хутчэй выйсьці з сытуацыі анкляву — у палітычным, сацыяльным і эканамічным пляне. Для гэтага зьменена канстытуцыя, перагледжаны цэнз аседласьці для прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады».
Некаторыя камэнтатары сумняваюцца ў шчырасьці Пяскова. Расейскае выданьне «Медуза» ўзгадала навіны 2022 году, калі крыніца, блізкая да адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, пацьвердзіла, што Крэмль разглядае «сцэнар» далучэньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі да Расейскай Фэдэрацыі або Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Паводле крыніцы, такі крок павінен быў быць прадстаўлены расейскаму насельніцтву як «тэрытарыяльны набытак» на фоне таго як расейскія войскі пакідалі частку акупаваных тэрыторый Украіны.
Паводле крыніцы «Медузы», гэты сцэнар сурʼёзна разглядаўся, але неўзабаве быў зьняты з парадку дня: «Большасьць насельніцтва ў Цхінвалі за гэта, але большасьць у Абхазіі катэгарычна супраць. Урэшце яны вырашылі, што далучэньне Асэтыі само па сабе будзе занадта нязначным вынікам».
У 2022 годзе Анатоль Бібілаў, які быў папярэднікам Алана Гаглоева на пасадзе фактычнага прэзыдэнта самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі, пасьля паразы на выбарах падпісаў указ аб правядзеньні рэфэрэндуму па пытаньні абʼяднаньня з Расеяй. Аднак Алан Гаглоеў, які перамог на выбарах, пасьля ўступленьня на пасаду адклаў рэфэрэндум на нявызначаны тэрмін.
«Здаецца, цяпер яны зноў пачалі думаць пра праект «міні-СССР», — сказаў «Медузе» паліттэхноляг, які працаваў у Цхінвалі падчас выбараў.
У чым сэнс узвышэньня Камболава?
Паводле Аляксандра Квахадзэ, дасьледчыка грузінскага фонду «Рандэлі», важная навіна заключаецца ў тым, што «новы прэзыдэнт» Марат Камболаў не мясцовы і што ён фактычна зьяўляецца іншародным целам для Паўднёвай Асэтыі. Квахадзэ лічыць, што прызначэньне Камболава ёсьць прыкметай палітыкі вонкавага кіраваньня, калі замест мясцовых этнічных кланаў стаўка робіцца на чыноўнікаў, прысланых з Масквы.
Ці рыхтуецца Масква анэксаваць акупаваную тэрыторыю Грузіі? У адказ на гэтае пытаньне Грузінскай службы Радыё Свабода Аляксандар Квахадзэ кажа:
«Крэмль выкарыстае пытаньне анэксіі Цхінвалі, каб шантажаваць Грузію: альбо зрабіце, як мы кажам, альбо мы анэксуем. Як мінімум, можна казаць пра захаваньне статус-кво [у адносінах] і дыстанцыяваньне ад Захаду, а як максымум, пра саюз, падобны да беларускага. Пакуль ва Ўкраіне ідзе вайна, Расея будзе ўстрымлівацца ад анэксіі».
Паводле старшыні кааліцыі «За правы перамешчаных асоб» Зураба Бэндыянішвілі, нягледзячы на тое, што ўплыў Масквы ў Цхінвалі заўсёды быў неабмежаваным, Крэмль ніколі непасрэдна не прызначаў так званага прэзыдэнта, абапіраючыся толькі на прэмʼер-міністраў.
«Трэба меркаваць, што гэтая кадравая зьмена на высокім узроўні (пра якую было вядома каля двух месяцаў таму) азначае прызначэньне прадстаўніка Масквы для прыняцьця важных палітычных рашэньняў, бо мясцовы лідэр ня можа прымаць такіх рашэньняў», — кажа Бэндыянішвілі.
Ён дадае, што пра анэксію рэгіёну гаворкі быць не павінна, бо цяперашні ўрад Грузіі зьяўляецца партнэрам Расеі ў рэгіёне. Паводле Бэндыянішвілі, ня выключана, што гаворка наадварот ідзе пра вяртаньне ўплыву Тбілісі на Цхінвалі:
«Гэта той варыянт, для рэалізацыі якога патрэбны ўрад, прызначаны з Масквы, бо ніводзін палітычны лідэр у Цхінвалі на гэта не пойдзе. Расея страціла ўплыў на Азэрбайджан, Армэнію, Малдову, Сырыю... Сьпіс доўгі. Натуральна, прыярытэтам будзе захаваньне Грузіі ў якасьці саюзьніка».
Наўзамен, кажа Бэндыянішвілі, Расея запатрабуе ад Грузіі прыпыненьня інтэграцыі ў Эўразьвяз (што ўжо адбываецца) і саюзьніцкіх адносінаў.
Такі сцэнар адпавядае перадвыбарчай ініцыятыве, высунутай грузінскім палітыкам Бідзінам Іванішвілі падчас выбараў у верасьні 2024 году. Той абвінаваціў «Нацыянальны рух» Міхэіла Саакашвілі ў правакаваньні канфлікту з Паўднёвай Асэтыяй у 2008 годзе, калі Саакашвілі быў ва ўладзе.
Іванішвілі, чыя партыя мае ўладу ў Грузіі цяпер, паабяцаў папрасіць прабачэньня ў асэтынаў. Падчас той жа выбарчай кампаніі сьпікер парлямэнту Шалва Папуашвілі заявіў, што для аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі трэба зрабіць цяжкія крокі:
«Тэрытарыяльная цэласнасьць. Аднаўленьне адбудзецца толькі мірным шляхам; мірны шлях мае на ўвазе прымірэньне; Прымірэньне прадугледжвае разуменьне ран, якія мы нанесьлі адзін аднаму... дзе неабходна, пакаяньне, дзе неабходна, узаемнае прабачэньне».
Аднак у самым Цхінвалі прызначэньне Марата Камболава ў асноўным асацыюецца з чаканай анэксіяй, а ў сацыяльных сетках нават пішуць, што чакаюць рэфэрэндуму аб далучэньні да Расіі.
Вячаслаў Дзузаці — асэтынскі аўтар, блогер і камэнтатар на грамадзка-палітычныя тэмы, лічыць, што прызначэньне Марата Камболава сьведчыць пра сцэнар анэксіі:
«Чакаецца пазачарговае скліканьне парлямэнту, і на працягу наступных 4-8 тыдняў будзе выдадзены ўказ аб прызначэньні рэфэрэндуму. Пытаньне будзе пастаўлена выразна і без усялякай двухсэнсоўнасьці: „далучэньне да Расейскай Фэдэрацыі“».
Пазыцыя афіцыйнага Тбілісі
Грузінская служба Радыё Свабода зьвярнулася ў Міністэрства замежных спраў Грузіі з просьбай пракамэнтаваць рашэньні Расеі. На час публікацыі артыкулу адказу яшчэ не было.
Старшыня Камітэту ў міжнародных сувязях парлямэнту Грузіі Нікалоз Самхарадзэ лічыць, што падпісанае 9 траўня пагадненьне паміж Расеяй і самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыяй сапраўды зьяўляецца крокам да анэксіі, а перавод Гаглоева ў Маскву і яго заява аб далучэньні рэгіёну да Расіі не заслугоўваюць сурʼёзных камэнтароў.
Паводле першага віцэ-сьпікера парлямэнту Грузіі Гіі Вольскага, рашэньні, якія прымае Масква адносна акупаваных рэгіёнаў, зьяўляюцца сурʼёзным ударам па сувэрэнітэце Грузіі, хоць ён таксама заявіў, што ніякага рашэньня аб анэксіі не прынята.
«Грузія мае сваю ўласную пазыцыю адносна рашэньняў Расеі, яна выйграла міжнародныя суды, і сусьветная супольнасьць таксама падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі».
У савецкі час Паўднёвая Асэтыя была аўтаномнай вобласьцю ў складзе Грузінскай ССР. Яна фактычна аддзялілася ад Грузіі ў 1992 годзе пасьля канфлікту, у якім яе падтрымлівалі расейскія войскі. Аднак да жніўня 2008 году Грузія кантралявала значныя часткі Паўднёвай Асэтыі, у многіх зь якіх было пераважна грузінскае насельніцтва. Пасьля грузінска-расейскай вайны ў жніўні 2008 году грузінскія ўлады кажуць пра фактычную акупацыю рэгіёну Расеяй.
Незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі прызналі толькі пяць дзяржаў: Расея, Вэнэсуэла, Нікарагуа, Наўру і Сырыя.
Насельніцтва Паўднёвай Асэтыі — 58 тысяч чалавек. Эканамічна яна цалкам залежыць ад Расеі. Амаль 80% яе бюджэту складаецца з расейскіх грошай.
Форум