Пажар на Славянскім НПЗ пасьля атакі дронаў, Краснадарскі край, 28 чэрвеня 2026 году. Фота: Telegram-канал Supernova+
У Краснадарскім краі Расеі пасьля атакі дронаў пачаўся пажар на НПЗ
У Славянску-на-Кубані пачаўся пажар на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага заводу. Адзін чалавек загінуў, паведамілі мясцовыя ўлады.
Славянскі НПЗ — адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расеі. Яго ўжо ня раз атакавалі дроны.
У Яраслаўлі праз атаку бесьпілётнікаў перакрывалі рух на выезьдзе ў бок Масквы. Там акурат месьціцца НПЗ, які таксама ўжо не аднойчы атакавалі.
«Мы працягваем нашыя апэрацыі, якія аслабляюць магчымасьці Расеі весьці гэтую вайну. Кожная наша далёкабойная санкцыя — гэта зьмяншэньне рэсурсаў, якія працуюць на расейскую ваенную машыну, і яшчэ адзін крок да міру», — напісаў Зяленскі ў паведамленьні пра атакі на НПЗ.
Расейскія войскі атакавалі Кіеў, Харкаў і Сумы
Наступствы атакі на Сумы 28 чэрвеня 2026 году
Кіеў расейскае войска атакавала ракетамі. Усчаліся пажары. Адзін чалавек пацярпеў.
Сумы расейцы атакавалі кіраванымі авіяцыйнымі бомбамі і дронамі. Пацярпела жанчына, пашкоджаныя прамысловыя і складзкія аб’екты, жылы дом.
Паводле Нацыянальнай паліцыі, у выніку папярэдняй атакі на Сумшчыну ў суботу траўмы атрымалі 32 чалавекі, у тым ліку 13-гадовая дзяўчынка і двое немаўлят па 1,5 месяца.
У Харкаве дрон выбіў шыбы ў шпатпавярховіку. У вобласьці ад расейскіх атак атрымалі раненьні тры чалавекі.
У Днепрапятроўскай вобласьці за мінулыя содні было 40 атак. Адзін чалавек загінуў.
У Запарожжы ад расейскай атакі загінулі два чалавекі, 16 атрымалі раненьні, у тым ліку 5-гадовы хлопчык, якога шпіталізавалі ў цяжкім стане.
Данеччыну за содні расейскае войска атакавала 18 разоў, пацярпелі трое чалавек.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум