Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай мяжы Ўкраіна і Расея абмяняліся цывільнымі закладнікамі

Фота з тэлеграм-каналу украінскага ўпаўнаважаны ў правах чалавека Дзьмітра Лубінца
Фота з тэлеграм-каналу украінскага ўпаўнаважаны ў правах чалавека Дзьмітра Лубінца

Сямёх украінскіх грамадзян абмянялі на сямёх расейскіх у пункце пропуску «Новая Гута» ў Гомельскай вобласьці, паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ.

Украінскі ўпаўнаважаны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец паведаміў, што на радзіму вярнуліся сем украінцаў ва ўзросьце ад 35 да 66 гадоў. Усіх іх затрымалі расейскя вайскоўцы ў 2022 годзе падчас акупацыі Марыюпалю, Бучанскага раёну, а таксама частак Харкаўскай, Запароскай і Луганскай абласьцей.

Сярод вызваленых — добраахвотнік, які дапамагаў параненым у складзе брыгады парамэдыкаў «Анёлы Тайры». Аднаго мужчыну затрымалі праз тое, што ягоныя сыны служаць ва Ўзброеных сілах Украіны, іншага — проста на вуліцы.

Паводле расейскай упаўнаважанай у правах чалавека Яны Лантратавай, у Расею вярнуліся пяць жыхароў Курскай вобласьці і яшчэ двое жыхароў іншых рэгіёнаў.

Беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Беларусь у чарговы раз прадставіла сваю тэрыторыю для гуманітарнага абмену.

Паводле ўкраінскіх праваабаронцаў і незалежных экспэртаў, ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея незаконна ўтрымлівае больш за 8 тысяч украінскіх цывільных асобаў. Сярод іх — прадстаўнікі мясцовай улады, настаўнікі, лекары, прадпрымальнікі, актывісты і сьвятары. Праваабаронцы паведамляюць, што многіх катуюць.

Масавыя абмены з удзелам цывільных пачаліся ў 2025 годзе. Напрыклад, падчас найбуйнейшага абмену «1000 на 1000» у траўні 2025 году ў першы дзень былі вызваленыя 270 вайскоўцаў і 120 цывільных з кожнага боку.

У 2026 годзе цывільныя таксама працягваюць трапляць у абмены, але іх колькасьць звычайна значна меншая. Напрыклад, у абмене 5 чэрвеня 2026 году Украіна паведаміла пра вяртаньне 184 вайскоўцаў і аднаго цывільнага.

Цяперашні абмен складаўся выключна з цывільных асобаў.

  • Міжнароднае гуманітарнае права наогул не прадугледжвае асобнай працэдуры «абмену цывільнымі» так, як гэта адбываецца з ваеннапалоннымі. Цывільныя, незаконна затрыманыя падчас вайны, павінны быць вызваленыя, а не выкарыстоўвацца для абмену. Менавіта таму ўкраінскія праваабаронцы і ААН крытыкуюць Расею за практыку такіх затрыманьняў і выкарыстаньня ў абменах.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG