Пасьля расьсьледаваньня БРЦ пра зьнікненьне Анатоля Котава, былога чыноўніка, які ў 2002 годзе далучыўся да апазыцыі, ягоны блізкі калега па Фондзе спартовай салідарнасьці Аляксандар Апейкін даў інтэрвію «ПіКу Свабоды».
У ім ён заявіў, што афіцыйная вэрсія — толькі частка значна больш шырокай гісторыі, а само расьсьледаваньне БРЦ «не раскрывае нават пятай часткі рэальнай карціны».
Паводле Апейкіна, ключ да разуменьня сытуацыі трэба шукаць не ў адным эпізодзе, а ў доўгім кантэксьце жыцьця Котава.
— Я маю на ўвазе, што афіцыйнае расьсьледаваньне, якое было апублікавана БРЦ, безумоўна зьяўляецца вельмі важнай і вялікай працай, але яно апісвае толькі адзін канкрэтны эпізод. У той жа час за гэтым эпізодам стаіць значна шырэйшы кантэкст, які ўключае ў сябе і папярэднія гады жыцьця Анатоля Котава, і ягоныя сувязі, і ягоны ўдзел у розных дзяржаўных, камэрцыйных і грамадзкіх праектах, дзе ён перасякаўся зь вельмі рознымі людзьмі — як з прадстаўнікамі сілавога блёку, так і з прадстаўнікамі бізнэс-структур і асобамі, блізкімі да ўлады, — адзначыў ён.
Паводле яго, калі разглядаць толькі адзін эпізод, «губляецца агульная карціна», а каб зразумець, як Котаў апынуўся ў такой сытуацыі, трэба адсочваць ягоны шлях значна раней — магчыма, яшчэ з 2011–2012 гадоў.
00:30 Цімур Алеўскі: Ці ўцягне Пуцін Беларусь у вайну
08:20 Што можа стрымаць уступленьне Беларусі ў вайну
18:00 Ці сапраўды існуе пагроза новага фронту
25:00 Станіслаў Івашкевіч: Новы спэцэкспартэр зброі
30:30 Як Шэйман пашырае сваю бізнэс-імпэрыю
33:30 Сувязь са справай Анатоля Котава
36:30 Як працуюць схемы продажу зброі і абыходу санкцый
40:30 Чаму былыя сілавікі ідуць у гэты бізнэс
44:30 Аляксандар Апейкін: Новыя дэталі выкраданьня Анатоля Котава
47:30 Што засталося па-за расьсьледаваньнем БРЦ
51:30 Якія высновы можна зрабіць са справы Котава
«Не выключаю камэрцыйны заказ»
Апейкін таксама дапускае, што за зьнікненьнем Котава маглі стаяць ня толькі спэцслужбы.
— Я маю на ўвазе, што існуе некалькі магчымых вэрсіяў таго, што адбылося. Адна зь іх — гэта, безумоўна, вэрсія ўдзелу спэцслужбаў, і яе нельга выключаць. Але разам з гэтым я дапускаю, што гэта магла быць і зусім іншая гісторыя — напрыклад, камэрцыйны канфлікт або прыватныя разборкі, — сказаў ён.
Паводле Апейкіна, Котаў быў уключаны ў вялікую колькасьць праектаў — дзяржаўных, камэрцыйных і міжнародных, дзе маглі ўзьнікаць канфлікты фінансавага або рэпутацыйнага характару.
— У такіх асяродках часта ўзьнікаюць канфлікты, у тым ліку фінансавыя або рэпутацыйныя. І я не выключаю, што маглі быць нейкія канкрэтныя камэрцыйныя наступствы або сытуацыі, якія для кагосьці сталі вельмі важнымі і балючымі. Таму я не сьцьвярджаю, што гэта дакладна не спэцслужбы, але кажу, што гэта не адзіная магчымасьць, — адзначыў ён.
«Ня бачу поўнай сувязі ўсіх удзельнікаў са спэцслужбамі»
Пры гэтым Апейкін сьцьвярджае, што ня бачыць адназначнай і прамой сувязі ўсіх фігурантаў гісторыі зь беларускімі спэцслужбамі.
— Я кажу пра тое, што на сёньняшні момант я ня бачу поўнай, адназначнай і прамой сувязі ўсіх удзельнікаў гэтай гісторыі зь беларускімі спэцслужбамі. Так, частка людзей мае адпаведны бэкграўнд, але гэта не азначае, што ўся гісторыя была дзяржаўнай спэцапэрацыяй, — заявіў ён.
У той жа час ён не выключае вэрсію ўдзелу спэцслужбаў, але лічыць яе толькі адной з магчымых.
— Ёсьць і іншыя варыянты — камэрцыйныя канфлікты, асабістыя канфлікты, магчыма нават помста, — дадаў Апейкін.
«Гэта не выглядала як разьвітаньне»
Асобна ён пракамэнтаваў паведамленьні Котава жонцы перад зьнікненьнем.
— У момант, калі яны былі напісаныя, яны не выглядалі як нейкае прамое разьвітаньне. Гэта былі хутчэй абстрактныя паведамленьні, сямейныя фатаздымкі, эмацыйныя сыгналы, але без відавочнага кантэксту. І толькі цяпер, калі мы ведаем увесь ход падзей, іх можна інтэрпрэтаваць як магчымыя сыгналы таго, што чалавек пачынаў разумець небясьпеку сытуацыі, — сказаў ён.
«Хутчэй спантаннае рашэньне, чым доўгая апэрацыя»
Апейкін таксама скептычна ставіцца да вэрсіі доўгай і складанай апэрацыі.
— Я ня думаю, што гэта была апэрацыя, якую распрацоўвалі два гады. Хутчэй за ўсё, рашэньне было даволі спантанным. А далей ужо дзейнічала сетка людзей, якая была даступная і магла тэхнічна гэта рэалізаваць, — адзначыў ён.
«Ён мог апынуцца ў камэрцыйнай сетцы»
На думку Апейкіна, ключавым фактарам маглі стаць кантакты Котава і яго ўключанасьць у розныя камэрцыйныя асяродкі.
— Ён меў шырокае кола знаёмстваў, і інфармацыя пра яго магла трапіць да людзей, якія прынялі рашэньне дзейнічаць. Але дакладна сказаць, што стала трыгерам, цяпер немагчыма, — сказаў ён.
«Дзьве асноўныя вэрсіі»
Калі ж гаворка заходзіць пра тое, дзе можа знаходзіцца Котаў цяпер, Апейкін называе дзьве асноўныя вэрсіі.
— На сёньняшні момант існуюць дзьве асноўныя рэалістычныя вэрсіі. Першая — што ён можа знаходзіцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. Другая — што, на жаль, ён можа ўжо ня быць у жывых. Калі б ён быў у Беларусі, яго б нам ужо паказалі, — заявіў ён.
Форум