У гэты дзень
У сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў. 26 чэрвеня як Дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў быў устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН. Менавіта 26 чэрвеня ў 1987 годзе ўвайшла ў дзеяньне Канвэнцыя супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных і зьневажальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня і пакараньня.
1503 — вялікі князь Аляксандар надаў Каменцу магдэбурскае права.
1759 — распачалася аблога гораду Квэбэку ангельцамі падчас Сямігадовай вайны.
1863 — у Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы — орган кіраўніцтва паўстаньнем 1863–1864 гадоў. Старшыня — Якуб Гейштар, чальцы аддзелу — Кастусь Каліноўскі, Уладыслаў Малахоўскі, Зыгмунт Чаховіч.
1938 — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР 1-га скліканьня.
1941 — НКВД расстраляла 5 тысячаў палітвязьняў, прыгнаных зь Менскай і іншых турмаў ва ўрочышча Цагельня каля сучаснага Чэрвеня. У гэты ж дзень НКВД расстраляла калёну вязьняў з турмы ў Беразьвеччы (Глыбокае). Былі забітыя да 2 тысяч пераважна палітычных і тых, хто яшчэ ня быў асуджаны.
1941 — на старым віленскім тракце каля Радашкавічаў Мікалай Гастэла з таварышамі скіравалі свой самалёт у нямецкую танкавую калёну. Подзьвіг Гастэлы стаў хрэстаматыйным.
1944 — Віцебск вызвалілі ад нацысцкай акупацыі.
1945— прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх была і БССР.
1975 — выйшаў у сьвет завяршальны том 12-тамовай Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі.
У гэты дзень нарадзіліся
1897 — Лявон Савёнак, беларускі журналіст, пісьменьнік, палітвысланец, дзяяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
1908 — Сальвадор Альендэ, прэзыдэнт Чылі.
1909 — Антон Адамовіч, літаратуразнаўца, гісторык, празаік, адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода», намесьнік старшыні Рады БНР.
1926 — Мікалай Паўленка, беларускі мовазнаўца.
1941 — Уладзімер Куляшоў, беларускі актор, народны артыст Беларусі. На сцэне тэатру імя Якуба Коласа стварыў вобраз Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе Ўладзімера Караткевіча.
1958 — Тацяна Мушынская, паэтка і тэатразнаўца.
У памяці
1819 — Францішак Нарвойш, матэматык, інжынэр, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Праславіўся тым, што ў другой палове XVIII стагодзьдзя кіраваў расчысткай рэчышча Нёмана ад парогаў. Тады было падарвана каля трох мільёнаў валуноў.
1941 — Зэлік Аксэльрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш. Быў расстраляны разам зь іншымі палітвязьнямі пры адступленьні Чырвонай арміі.
2016 — Сяргей Картэс, беларускі кампазытар.
2016 — Расьціслаў Янкоўскі, актор тэатру і кіно.
2018 — Алесь Зайка, беларускі краязнаўца.