Улады Беларусі пашырылі пералік дакумэнтаў, на падставе якіх грамадзяне Беларусі, асобы без грамадзянства і іншаземцы, якія стала жывуць на беларускай тэрыторыі, змогуць наведваць памежную зону.
Як адзначаецца ў паведамленьні Гомельскай памежнай групы, цяпер гэта можна зрабіць ня толькі на падставе пашпарту, вайсковага білету, пасьведчаньня кіроўцы і службовага пасьведчаньня, а і на падставе пэнсійнага пасьведчаньня, пасьведчаньня інваліда, студэнцкага білета і білета навучэнца.
Для іншаземцаў, якія стала пражываюць за межамі Беларусі, уводзяць неабходнасьць атрыманьня адмысловага дазволу на права ўезду (уваходу), часовага знаходжаньня і перамяшчэньня ў памежнай зоне.
Адпаведныя пропускі будуць выдаваць органы памежнай службы. Для гэтага іншаземцы павінны зьвярнуцца з адпаведнай заявай на Адзіны партал электронных паслуг (e-pasluga.by). Код паслугі 200.14.1.1.
Што папярэднічала
Новыя правілы наведваньня або перамяшчэнья праз памежную тэрыторыю для іншаземцаў прадугледжваюць зьмены ў закон аб дзяржаўнай мяжы Беларусі, ухваленыя 2 лютага 2026 году.
Гэтыя зьмены ўхвалілі ў адным пакеце зь зьменамі у іншыя законы, паводле якіх для беларусаў і замежнікаў пры ўезьдзе ў Беларусь увялі абавязковую дактыляскапічную рэгістрацыю.
Форум