Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьменены закон пра дактыляскапію

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цяпер браць адбіткі пальцаў будуць нават у беларусаў, што маюць дазвол на жыхарства за мяжой.

Паводле апублікаванага раней праекту закону, цяпер абавязкова браць адбіткі пальцаў будуць у наступных выпадках.

У замежнікаў

  • якіх дэпартуюць, высылаюць ці перадаюць іншай дзяржаве,
  • якіх не пускаюць у краіну праз «забарону» ці «непажаданасьць» уезду,
  • якіх памежнікі палічаць патрэбным унесьці ў базу «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі» (ня тычыцца грамадзян Расеі),
  • якія зьвярнуліся па прытулак, дадатковую абарону, дазвол на жыхарства, статус уцекача.

У грамадзян Беларусі

  • якія атрымалі іншае грамадзянства,
  • якія атрымалі від на жыхарства або дакумэнт іншай дзяржавы, які дае ільготы паводле палітычных, рэлігійных поглядаў або нацыянальнасьці (кшталту „карты паляка“),
  • якія стала жывуць за мяжой,
  • якія прайшлі працэдуру выезду на сталае месца жыхарства і стаяць на консульскім уліку.

Браць адбіткі ў беларусаў будуць падчас абмену ці выдачы дакумэнтаў.

Таксама ў будуць зьбіраць адбіткі людзей, якія адмаўляюцца або ня могуць паведаміць інфармацыю пра сябе. І ў тых, каго абвяшчалі зьніклым бязь вестак, але потым знайшлі.

Праводзіць дактыляскапію і выкарыстоўваць гэтую інфармацыю змогуць:

  • суды,
  • органы крымінальнага перасьледу, ўнутраных спраў, памежнай службы,
  • іншыя органы, што займаюцца апэратыўнай і вышуковай дзейнасьцю.

Як гаворыцца ў паведамленьні на сайце Лукашэнкі, гэта «будзе спрыяць своечасоваму выяўленьню рызыкаў, выклікаў, пагрозаў нацыянальнай бясьпецы», а таксама «нэўтралізацыі іх унутраных і вонкавых крыніц».

Раней у інтэрвію Свабодзе экспэртка ў міжнародным праве Кацярына Дзяйкала назвала ўвядзеньне абавязковай дактыляскапію беларускіх грамадзян з замежным дазволам на жыхарства «ўмяшаньнем у прыватнае жыцьцё» і «дыскрымінацыяй паводле наяўнасьці сувязі з замежнай дзяржавай».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG