Як вынікае з тэксту ўказу, сярод звольненых — судзьдзя суда Аршанскага раёну і горада Ворша Ірына Кохава. У адрозьненьні ад іншых судзьдзяў, звольненых па ўласным жаданьні або праз выхад на пэнсію, яна пазбавілася пасады і статусу за «правіну, несумяшчальную з знаходжаньнем на дзяржаўнай цывільнай службе».
Што вядома пра Ірыну Кохаву
Згодна з інфармацыяй ініцыятывы dissidentby, Ірына Кохава разгледзела сама меней 24 адміністрацыйныя справы і прызначыла сама меней 845 рублёў штрафаў і 85 содняў арышту.
Па выніках разгляду крымінальнай справы супраць Аляксандра Несьцерава, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле артыкулу 369, вынесла вырак аб абмежаваньні яго волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу на два з палавінай гады.
Міхаіл Чамурук, паводле рашэньня Ірыны Кохавай, атрымаў 12 содняў арышту за тое, што карміў галубоў у Воршы 10 траўня 2020 году.
Як і большасьць судзьдзяў у розных рэгіёнах, яна ўдзельнічала ў разнастайных прапагандысцкіх мерапрыемствах, а таксама праводзіла «інструктаж» сярод моладзі аб адказнасьці за захоўваньне і спажываньне наркотыкаў, а таксама за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Апошняя такая сустрэча з моладзьдзю, як вынікае з адкрытых крыніц, адбылася ў Аршанскім дзяржаўным каледжы харчаваньня ў лістападзе 2024 году.
Пакуль невядома, за якія дзеяньні яе звольнілі з пасады судзьдзі.
Форум