Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Мэлёні працягваюць крытыкаваць адзін аднаго ў сацсетках

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацсетцы Truth, што больш ня хоча сябраваць з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні. Ён зазначыў, што яе папулярнасьць сярод італьянскіх выбаршчыкаў «вымушае жадаць лепшага».

«Пасьля таго, як ЗША перамаглі Іран у ваенным пляне, яна зноў хоча быць [са мной] сябрамі, каб атрымаць галасы на выбарах. Не, дзякуй!!!», — напісаў Трамп.

Ён зноў паўтарыў сваё сьцьвярджэньне, што на саміце G7 у Францыі на мінулым тыдні Мэлёні «зноў і зноў прасіла мяне сфатаграфавацца з ёй», каб падняць сваю папулярнасьць.

Джорджа Мэлёні апублікавала ў сацсетках адказ на новую заяву Трампа. Яна назвала яго словы «пастаяннымі, не справакаванымі атакамі», якія «ня маюць сэнсу». Мэлёні адзначыла, што сяброўства з Дональдам Трампам «сапраўды не дапамагло» яе папулярнасьці ў Італіі.

«У любым выпадку, мая папулярнасьць — ня ваш клопат. Я раю вам засяродзіцца на сваёй [папулярнасьці]», — падкрэсьліла яна.

19 чэрвеня Дональд Трамп паведаміў італьянскім журналістам, што на саміце G7 у Францыі Джорджа Мэлёні, як ён выказаўся, «ўмольвала яго» сфатаграфавацца зь ёй і ён паўдзельнічаў у здымках, таму што яму «стала яе шкада».

Прэмʼерка Італіі ў адказ заявіла, што «была зьдзіўлена» такім камэнтаром Трампа, які аказаўся «цалкам выдуманым». Кіраўнік МЗС Італіі адмяніў сваю рабочую паездку ў ЗША з прычыны словаў Трампа, якія «зьневажаюць усю Італію».

Мэлёні раней разглядалася як палітычная саюзьніца Трампа, паколькі іх погляды блізкія па шэрагу пытаньняў. Прэзыдэнт ЗША раней крытыкаваў і іншых эўрапейскіх палітыкаў, у іх жа адрас ён, зрэшты, публікаваў і пахвальныя заўвагі. Гэтак рэзка, як Мэлёні, не рэагаваў, аднак, ніхто з эўрапейскіх лідэраў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG