Пра арышт 36-гадовага грамадзяніна Грузіі паведаміла паліцыя. Як сказаў ягоны адвакат, сваёй віны мужчына не прызнае.
Раённы Заходні суд у Любліне адправіў яго пад арышт на 3 месяцы, у выпадку прызнаньня судом ягонай віны, грузіна могуць асудзіць на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Вядома, што мужчына ўжо быў на допытах, але сваёй віны ў забойстве не прызнаў.
Што адбылося?
Аб забойстве ў Белай Падляскай расейскага мастака-пэрформэра Сямёна Скрапецкага стала вядома ў панядзелак 15 чэрвеня. Здарэньне адбылося раніцай на адным з скрыжаваньняў гораду, дзе Скрапецкі жыў пасьля ад’езду з Расеі ў 2021 годзе.
У той жа дзень зьявілася інфармацыя аб магчымай датычнасьці да забойства грамадзян Беларусі. У аўторак 16 чэрвеня польскія ўлады пацьвердзілі, што ў выніку сьледчых дзеяньняў па гарачых сьлядах затрымалі трох чалавек, двое зь якіх — грамадзяне Беларусі. Пазьней іх вызвалілі.
Раніцай 17 чэрвеня каардынатар польскіх спэцслужбаў Томаш Семоняк у размове з парталам Interia расказаў, што на гэты момант асноўная вэрсія расьсьледаваньня забойства Скрапецкага — дзеяньні расейскіх спэцслужбаў.
Сямён Скрапецкі (сапраўднае імя Роберт Кузаўкоў) атрымліваў у інтэрнэце шмат гнеўных камэнтароў, звычайна ад прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна і Рамзана Кадырава, ад «троляў» расейскіх спэцслужбаў, расейскіх шавіністаў і праўладных актывістаў. Але выкладаў здымкі свайго экрану з гэтымі пагрозамі і не падаваў заяваў у паліцыю.
Частку сваёй творчасьці Скрапецкі прысьвячаў Аляксандру Лукашэнку. Ён стварыў шэраг малюнкаў, дзе кпіў зь нелегітымнага кіраўніка Беларусі.
У дзень забойства Скрапецкага спачатку гаварылася, што каля беларускага консульства адбылося затрыманьне невядомага мужчыны, нібыта ён хацеў пераскочыць плот і схавацца на тэрыторыі консульства. Пазьней стала вядома, што паліцыя затрымала ў справе двух беларусаў. Абодвух дапыталі і неўзабаве адпусьцілі, не знайшоўшы ў іхных дзеяньнях сувязі з забойствам.
Польскія ўлады мяркуюць, што забойства вядомага карыкатурыста справа расейскіх спэцслужбаў.
Форум