Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарцы адкідаюць прапанову абмежаваць насельніцтва краіны 10 мільёнамі. Сталі вядомыя папярэднія вынікі рэфрэндуму

Галасаваньне на рэфрэндуме ў Швайцарцыі 14 чэрвеня 2026
Галасаваньне на рэфрэндуме ў Швайцарцыі 14 чэрвеня 2026

Грамадзяне Швайцарыі на рэфэрэндуме 14 чэрвеня галасавалі «за» ці «супраць» ініцыятывы, якая прадугледжвала што сталае насельніцтва краіны будзе абмежавана да 10 мільёнаў чалавек.

Паводле папярэдніх лічбаў, апублікаваных фэдэральным швайцарскім урадам, супраць прапановы выказаліся 53% удзельнікаў галасаваньня, паведамляе Associated Press. Аднак зь некаторых кантонаў яшчэ няма афіцыйных вынікаў. Яўка на рэфэрэндуме перавысіла 57%.

Ініцыятыву вылучыла найбуйнейшая ў краіне кансэрватыўная Швайцарская народная партыя. Яна прапаноўвала не дапусьціць перавышэньня колькасьці насельніцтва 10 мільёнаў чалавек да 2050 году. Паводле прапановы, калі б гэты парог быў перавышаны на працягу двух гадоў, улады павінны былі б скасаваць пагадненьне аб свабодзе перамяшчэньня з Эўразьвязам.

Прыхільнікі ініцыятывы казалі, што рост насельніцтва ўзмацняе нагрузку на інфраструктуру і рынак жыльля. Праціўнікі папярэджвалі, што абмежаваньні могуць нашкодзіць эканоміцы і ўскладніць адносіны Швайцарыі з ЭЗ.

Урад і парлямэнт краіны выступалі супраць прапановы, але рэфэрэндум быў прызначаны пасьля таго, як адпаведную пэтыцыю падпісалі больш за 100 тысяч грамадзян.

Швайцарыя і Беларусь цяпер прыкладна роўныя па насельніцтве. Але зьмены ідуць у розныя бакі

На канец 2025 году насельніцтва Швайцарыі складала крыху больш за дзевяць мільёнаў чалавек. Згодна з прагнозам Фэдэральнага статыстычнага ўпраўленьня, да 2055 году яно можа вырасьці да 10,5 мільёнаў галоўным чынам за кошт міграцыі.

Для параўнаньня, у 1995 годзе насельніцтва Швайцарыі было крыху большае за 7 мільёнаў чалавек.

Колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 году склала 9 мільёнаў 56 тысяч. На аналягічную дату 1995 году гэтая лічба была 10 мільёнаў 210 тысяч. Калі давяраць зьвесткам Нацыянальнага статыстычнага камітэту, дык падзеньне склала 11,3%.

Пры гэтым варта заўважыць, што зьвесткі Белстату могуць ня ўлічваць масавай эміграцыі людзей зь Беларусі з палітычных і эканамічных матываў. Такі адток працягваецца з 2020 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG