Расея можа адносна хутка зрабіць ваенныя «крокі» супраць краін NATO, калі Крэмль палічыць момант спрыяльным, папярэдзіў у пятніцу абаронны камітэт парлямэнту Швэцыі, перадае AFP.
«Нельга выключаць узброенага нападу на Швэцыю або нашых саюзьнікаў», — гаворыцца ў справаздачы камітэту.
«Расейскія ваенныя дзеяньні — напрыклад, для праверкі згуртаванасьці NATO і надзейнасьці 5-га артыкулу, могуць адбыцца ў адносна блізкай будучыні, калі Крэмль палічыць палітычную сытуацыю спрыяльнай», — гаворыцца ў справаздачы камітэту.
Прычым Расея можа напасьці нават ня маючы для гэтага дастатковай ваеннай сілы, адзначаецца ў справаздачы.
«Мы можам канстатаваць, што сытуацыя ў сфэры палітыкі бясьпекі застаецца сур’ёзнай і характарызуецца значнай нявызначанасьцю. Існуе рызыка хуткага пагаршэньня з сур’ёзнымі наступствамі для бясьпекі Швэцыі і Эўропы», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі старшыня камітэту Ёргэн Бэрглунд.
У траўні галоўны вайсковы камандзір Швэцыі Мікаэль Кляэсан таксама папярэджваў, што Расея можа праверыць рашучасьць NATO.
«Яны ведаюць, што ўвесь заходні сьвет узбройваецца. Таму я пытаюся ў сябе: навошта ім чакаць, калі яны бачаць слабыя месцы, якімі можна скарыстацца?» — сказаў ён грамадзкаму вяшчальніку SVT.
У справаздачы таксама гаворыцца, што Злучаныя Штаты маюць «вырашальнае значэньне для бясьпекі і дабрабыту Швэцыі і Эўропы». Аднак у ёй жа і падкрэсьліваецца, што «адносіны Эўропы са Злучанымі Штатамі зьмяняюцца», бо пры прэзыдэнту Дональду Трампу амэрыканская «замежная палітыка і палітыка бясьпекі істотна трансфармаваліся».
Швэцыя два стагодзьдзі трымалася вайсковага нэўтралітэту, але ў 2024 годзе далучылася да NATO, прычынай чаго стала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022-м.
Форум