Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падземныя гарады, кланы і вернасьць каханьню. Расказваем пра рэдкага для Беларусі й незвычайнага зьвера барсука

Барсук
Барсук

Чым харчуецца, з кім змагаецца, як гадуе дзяцей — пра ўсё гэта ў матэрыяле Свабоды пра самага вялікага беларускага прадстаўніка куніцавых.

20 і 21 чэрвеня ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» пройдзе фэстываль барсукоў. Гасьцям абяцаюць барсучыны стэндап, грыль-мэню «Сыты барсук», начны паход да барсучынага мястэчка й іншыя цікавосткі. З гэтай нагоды Свабода расказвае пра рэдкага для Беларусі зьвера барсука і незвычайныя асаблівасьці ягонага жыцьця.

Аматар Віцебшчыны

Паводле зьвестак навукоўцаў, у Беларусі зараз жывуць каля 2500 барсукоў. Прычым яны асабліва любяць поўнач краіны — Віцебшчыну, дзе селяцца значна часьцей за іншыя рэгіёны. Зьвер занесены ў Чырвоную кнігу і ахоўваецца законам. Гэта найбольшы прадстаўнік роду куніцавых у Беларусі. Дарослыя барсукі могуць важыць нават 20 кіляграмаў

«Увогуле гэта зусім няшмат, — ацэньвае колькасьць барсукоў у Беларусі эколяг і экспэртка альянсу „Зялёная Беларусь“ Інэса Балоціна. — І трэнд такі, што барсука больш не становіцца. Ня бачна гэтага. У Гомельскай вобласьці барсука зусім няшмат, у Магілёўскай не заўважна, каб барсукоў больш станавілася. На Віцебшчыне яго больш, 50%. Барсук такі нестабільны ў Беларусі. У Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцях яго ўсяго 4-5% ад агульнай колькасьці па краіне».

За лета і восень барсук актыўна набірае вагу, каб мець магчымасьць зімой як мага менш выходзіць з нары
За лета і восень барсук актыўна набірае вагу, каб мець магчымасьць зімой як мага менш выходзіць з нары

Жыве беларускі барсук у асноўным у сухіх лясах, далей ад чалавека. У адрозьненьне ад барсука ў краінах Заходняй Эўропы, які ўжо асьмялеў і набліжаецца да людзей.

«Яму трэба, каб было суха, — працягвае Інэса. — У забалочанай мясцовасьці барсук не жыве. Бо барсук робіць норы, і глеба патрэбная незабалочаная. На Палесьсі барсук жыве там, дзе ёсьць сухія пяшчаныя пагоркі. Рые там норы».

Барсук зьвер немалы. Але памерам меншы за ваўка, бліжэйшы да лісіцы ці янотападобнага сабакі. Яго вага і памер моцна зьмяняюцца цягам году. Вясной барсук можа важыць удвая менш, чым увосень. Барсук драпежнік, хоць можа харчавацца і расьліннай ежай. Гэтым зьвер падобны да мядзьведзя. Палюе ў асноўным на грызуноў, рэптыліяў, дажджавых чарвякоў, розных кузурак. Але есьць і садавіну зь ягадамі, калі знойдзе.

Барсук мае своеасаблівую паласатую пыску, па якой зьвера лёгка адразу пазнаць
Барсук мае своеасаблівую паласатую пыску, па якой зьвера лёгка адразу пазнаць

«Зімой барсук нейкі час сьпіць, — расказвае Інэса Балоціна. — Але нельга сказаць, што ён упадае ў сьпячку, як гэта робяць кажаны і соні. Вясной барсук мае адзін рацыён, летам і восеньню іншы. Есьць і падлу, калі знойдзе. Яму на зіму трэба тлушч, як і мядзьведзю».

Падземныя гарады

Чаму барсука так няшмат у Беларусі, калі ён адносна вялікі і ўсяедны? Прычына найперш у ладзе яго жыцьця. Гэты зьвер жыве не адзін, а ў групах, можа мець вялікія на зьвярыныя меркі сем’і. І ў дадатак барсук ня вельмі любіць пераскокваць зь месца на месца, можа жыць на адным месцы дзесяцігодзьдзямі. Што робіць яго лёгкай здабычай для ворагаў.

«Барсукі робяць вялікія норы, і гэтыя норы могуць існаваць нават стагодзьдзе, — гаворыць Інэса. — Вядомы выпадак, калі такое падземнае барсучынае мястэчка існавала нават 300 гадоў. І таму да барсука лёгка прыйсьці і забіць яго. У савецкія часы гэтым карысталіся. Палявалі на іх. Можна было прыйсьці да такога мястэчка, узяць норнага сабаку ці выкурыць барсукоў, упаляваць іх».

Барсукі ахвотней за ўсё селяцца ў сухіх лясістых месцах, дзе будуюць свае падземныя гарады
Барсукі ахвотней за ўсё селяцца ў сухіх лясістых месцах, дзе будуюць свае падземныя гарады

Барсучыныя паселішчы — асаблівая зьява. Гэты зьвер робіць сам сабе ня проста вялікую разгалінаваную нару з мноствам камэраў і выйсьцяў. Ён робіць гэта непадалёк ад такіх жа нораў іншых барсукоў. У выніку зьвяры займаюць цэлы арэал, разьмешчаны асобна ад іншых такіх жа барсучыных паселішчаў. Такі арэал можа займаць нават некалькі дзясяткаў квадратных кілямэтраў. Будаўнічымі здольнасьцямі барсукоў карыстаюцца іншыя зьвяры — найперш лісы і янотападобныя сабакі. Яны нярэдка акупуюць пабудаваныя барсукамі норы, змушаючы гаспадара адгароджвацца ад іх.

«Барсучыныя падземныя гарады досыць складаныя, — гаворыць Інэса. — Там можа быць нават тры паверхі хадоў і камэраў. Барсук шукае натуральны пагорак, зарослы дрэвамі, і робіць у ім свае норы. Уваход робіць часта пад нейкім коранем. Недзе далей шмат адноркаў. Робяць складаныя камэры — асобна для малых барсучанятаў, асобна для запасаў ежы, нават асобныя прыбіральні робяць. У нейкіх норах жывуць дарослыя барсукі, у нейкіх маладыя, асобна. Кланамі жывуць, дзе можа быць адна або нават дзьве ці тры самкі. І некалькі пакаленьняў дзяцей».

Барсучыныя ворагі

У савецкія часы лічылася, што барсучыны тлушч мае лекавыя ўласьцівасьці. Таму палявалі на іх пастаянна і ня толькі дзеля якаснага і прыгожага паласатага футра. Цяпер хваля папулярнасьці народнай мэдыцыны адышла. Людзі больш ахвотна карыстаюцца фабрычнымі лекамі.

«Зараз вораг беларускага барсука — гэта янотападобны сабака, — расказвае экспэртка. — Асноўны канкурэнт. Хоць барсук таксама баявы зьвер. Ён можа даць адпор нават ваўкам. І лісам, і сабакам. Але ён зімой можа спаць. А янотападобны сабака рухавы ўвесь час, можа выганяць барсукоў з нораў і нават забіваць іх. Для барсука гэта праблема».

Янотападобны сабака найбольшы вораг беларускага барсука
Янотападобны сабака найбольшы вораг беларускага барсука

Яшчэ адна праблема для беларускіх барсукоў — сьмяротнасьць на дарогах. Барсукі рэгулярна трапляюць пад колы аўтамабіляў.

Цікавыя барсукі і тым, што гадуюць дзяцей парамі. Бацька застаецца з маці і ўсяляк дапамагае ёй вырасьціць барсучанятаў. Барсукі па чарзе застаюцца з малымі, калі адзін з бацькоў ідзе па ежу.

«Яны жывуць пастаяннымі парамі, — працягвае Інэса. — У мястэчках сваіх жывуць. І там жа жывуць іхныя дзеці розных узростаў. Могуць пераходзіць у іншыя мястэчкі, знаходзіць сабе там пары. Гэта вельмі цікава. Акрамя барсукоў, пэўнай сямейнасьці прытрымліваюцца яшчэ бабры. Барсукі жывуць кланамі, гэтым яны цікавыя. Мы яшчэ не зусім ведаем гэтыя тонкасьці барсучынага жыцьця. Іх яшчэ можна дасьледаваць».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG