Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамілі аб росьце колькасьці палітвязьняў у становішчы асаблівай рызыкі

 Папраўчая калёнія № 13 у Глыбокім. Архіўнае фота
Папраўчая калёнія № 13 у Глыбокім. Архіўнае фота

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ня менш за 173 беларускіх палітзьняволеных знаходзяцца за кратамі ў становішчы асаблівай рызыкі. Раней праваабаронцы называлі 168 такіх палітвязьняў.

Як адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі, сярод іх людзі, якія маюць праблемы з здароўем, непаўналетнія на момант учыненьня дзеяньняў, што ставяць ім у віну, шматдзетныя, іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псыхіятрычным лекаваньні ў закрытых установах. Таксама ў гэты лік уваходзяць палітвязьні, якіх дыскрымінуюць на розных падставах: інкамунікада, зьняволеныя, якія не выходзяць з-за кратаў нават нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакараньня закончыўся.

Паводле праваабаронцаў, за кратамі сама меней 60 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане фізычнага здароўя, восем чалавек маюць інваліднасьць, 30 сталых людзей, старэйшых за 60 гадоў (шмат хто зь іх мае вялікія праблемы здароўя), а таксама шэсьць чалавек з мэнтальнымі разладамі. Сярод палітзьняволеных — 33 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі за кратамі.

Найстарэйшы палітвязень — 77-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёва, якога накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь за «абразу Лукашэнкі».

Чаму гэта важна

Пасьля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі стваралі для палітзьняволеных умовы, якія набліжаюцца, а часта і дасягаюць узроўню катавальных.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка нагадаў: мінімальныя стандартныя правілы ААН у абыходжаньні зь зьняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) прадпісваюць, што «зьняволеных, якія не нясуць крымінальную адказнасьць або ў якіх пазьней дыягнаставалі сур’ёзныя псыхічныя захворваньні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжаньне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэньне іх стану, ня варта ўтрымліваць у турэмных установах...» (правіла 109).

«Гаворачы пра палітвязьняў, мы, праваабаронцы, працягваем патрабаваць іх безумоўнага вызваленьня, спыненьня перасьледу або перагляду іхных справаў. Разам з тым мы асабліва падкрэсьліваем: для тых зь іх, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасьці цяжкіх захворваньняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыцьцё ў сувязі з гэтым пастаўлена ў небясьпеку, вызваленьне ня можа быць прадметам уладных маніпуляцыяў, палітычных дыскусіяў і інсынуацыяў. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасьці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэньня, каб не абцяжарваць немінучую адказнасьць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці», — сказаў Павал Сапелка.

Што вядома пра ўмовы ў карцары, ШЫЗА і ПКТ

Дзе існуюць карцары, а дзе ШЫЗА

У карцар вязьня могуць зьмясьціць толькі ў сьледчым ізалятары, дзе ўтрымліваюць тых, хто яшчэ не асуджаны альбо хто атрымаў прысуд і чакае адказу на апэляцыю (арыштант, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, фармальна ня лічыцца злачынцам).

У калёніі асуджанага вязьня могуць пакараць за нейкае парушэньне зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар) альбо адправіць у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў, трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Чым розьняцца ўмовы ў карцары і ШЫЗА

У адрозьненьне ад карцара ў ШЫЗА на ноч не выдаюць матраца, коўдры і падушкі, там вязень сьпіць на голых дошках. Таксама ў штрафным ізалятары, у адрозьненьне ад ПКТ і карцара, дзе дазволена гадзінная прагулка, на сьвежае паветра не выводзяць.

Лісты вязьням ШЫЗА і карцара не прыносяць, кнігі, газэты таксама пад забаронай, не працуе нават радыё. ПКТ такое абмежаваньне не датычыць.

Што аднолькава ў ШЫЗА і карцары

Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзеньне, якое прымушаюць насіць вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары дазволеныя ручнік, кавалак мыла, рулён туалетнай паперы, зубная шчотка і паста.Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама аднолькавае ў ШЫЗА і карцары: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Ножкі стала і лаўкі прымацаваныя да падлогі.

Акрамя дзяжурнага, які рэгулярна зазірае ў «вочка», каб спраўдзіць, ці выконвае вязень распарадак, усе рухі зьняволенага ў ШЫЗА і карцары адсочвае і відэакамэра. Калі арыштант сядзе ці ляжа на падлогу, яму выставяць рапарт ці прызначаць новае пакараньне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG