Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве беларускі незаконна афармлялі на працу грамадзян краін Блізкага Ўсходу

Мігранты ў Менску, архіўны здымак
Мігранты ў Менску, архіўны здымак

Іншаземцы рэклямавалі казіно і займаліся эратычнымі матэрыяламі, хаця паводле дакумэнтаў былі інжынэрамі-праграмістамі.

МУС раскрыла незаконную схему міграцыі ў Беларусь. Паводле дакумэнтаў іншаземцы з краінаў Блізкага Ўсходу працавалі праграмістамі, а насамрэч займаліся онлайн-казіно і бізнэсам у галіне эротыкі.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК, АМАП і спэцыяльных падразьдзелаў у барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» затрымалі трох жанчын, якія дапамагалі грамадзянам краін Блізкага Ўсходу нелегальна ўяжджаць і знаходзіцца ў Беларусі. Назваў краінаў сілавікі не ўдакладняюць.

З матэрыялаў справы вынікае, што дзьве 53-гадовыя жанчыны стварылі IT-кампаніі і падавалі дзяржаўным установам фальшывыя дакумэнты пра працаўладкаваньне замежнікаў на пасады інжынэраў-праграмістаў.

Насамрэч мігранты рабілі зусім ня тое, пра што гаварылі іхныя дакумэнты. Яны займаліся прасоўваньнем онлайн-казіно для сваіх землякоў, бо праца казіно забаронена на іхнай радзіме. Акрамя гэтага, для рэклямы бізнэсу і павелічэньня праглядаў замежнікі зарганізавалі студыю вырабу эратычных матэрыялаў. Студыя разьмяшчалася ў адным з дамоў у Менскім раёне.

Яшчэ адна затрыманая, 21-гадовая мянчанка, знаходзіла кліентаў для такога бізнэсу. У гэтым ёй дапамагалі 28 і 33-гадовыя жыхары блізкаўсходняга рэгіёну.

Праз гэтую схему ня менш за 40 замежнікаў атрымалі візы і дазволы на часовае пражываньне ў Беларусі. За свае паслугі абвінавачаныя бралі ад 1500 да 2000 даляраў з чалавека.

Цяпер супраць абвінавачаных пачалі крымінальную справу за арганізацыю незаконнай міграцыі. Замежнікаў прымусова вышлюць з краіны. высьвятляюцца іншыя ўдзельнікі злачыннай дзейнасьці.

Міграцыя ў Беларусі

Апошнія гады словазлучэньне «незаконная міграцыя» адносна Беларусі тычыцца пераважна спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку мігрантаў з Блізкага Ўсходу. У яе арганізацыі ўлады Польшчы, Літвы і Латвіі вінавацяць рэжымы Лукашэнкі і Пуціна ў Менску і Маскве адпаведна.

Дайшло да таго, што сумежныя краіны Эўразьвязу пачалі ствараць на памежжы зь Беларусьсю «буфэрныя зоны». У 2022 годзе Польшча засьцерагла сваю мяжу зь Беларусьсю плотам вышынёй 5,5 мэтра і электроннай сыстэмай назіраньня. Але, нягледзячы на ўмацаваньні, нелегальныя мігранты зь беларускага боку вельмі часта спрабуюць перасекчы мяжу. Гэты працэс мае як свае ўзьлёты, гэтак і зьніжэньні.

У той жа час суседнія зь Беларусьсю краіны маюць шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спынялі мігрантаў, але і актыўна дапамагалі ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.

Што тычыцца мігрантаў, якія разглядалі Беларусь не транзытным пунктам, а мэтай свайго прыезду ў Эўропу, дык тут абвастрэньне адбылося ў 2025 годзе. Улады Беларусі не прызнавалі моцны адток беларусаў як наступствы палітычнага перасьледу і засакрэцілі частку статыстыкі. Але адкрытая ўсё адно паказала зьмяншэньне насельніцтва ў большасьці гарадоў дзяржавы.

11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тысяч чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.

Прыезду на працу соцень тысяч пакістанцаў і іншых замежнікаў у Беларусі не адбылося, але пры гэтым дзяржаўныя прадпрыемствы працягваюць шукаць работнікаў за мяжою. Шэраг галінаў вытворчасьці адчуваюць востры недахоп кадраў. Напрыклад, Менскае аддзяленьне Беларускай чыгункі ўвесну 2026 году зьвярталася ў рэкрутынгавую кампанію дзеля падбору працоўных з Нэпалу і Пакістану. Нават прыбралі ўмову веданьня беларускай або расейскай мовы.

Аднак прапанаваныя заробкі ў 950–980 рублёў зусім не задаволілі патэнцыйных працаўнікоў. У адказе на адрас БЧ адказалі, што вакансіі з такімі заробкамі нікога не зацікавяць і адзначыла, што заробак мусіць складаць сама меней 1500 рублёў пасьля спагнаньня падаткаў і дадаткова даплаты за перапрацоўку.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG