Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНР аб’явіла аб пачатку спэцыяльнай апэрацыі каля ўсходняга ўзьбярэжжа Тайваню

Караблі берагавой аховы КНР абстрэльваюць з вадамётаў філіпінскі вадаплаў у Паўднёва-Кітайскім моры, 4 траўня 2024 году
Караблі берагавой аховы КНР абстрэльваюць з вадамётаў філіпінскі вадаплаў у Паўднёва-Кітайскім моры, 4 траўня 2024 году

Кітайская Народная Рэспубліка абвясьціла аб пачатку спэцыяльнай морскай апэрацыі каля ўсходняга ўзьбярэжжа Тайваню ў адказ на перамовы паміж Японіяй і Філіпінамі аб дэлімітацыі мора ў гэтым раёне. Пэкін разглядае іх як замах на яго тэрытарыяльны сувэрэнітэт і морскія правы.

КНР прэтэндуе на значныя прасторы ўва ўсіх прылеглых да яе акваторыях і спрачаецца з гэтай нагоды і зь Японіяй, і зь Філіпінамі.

Як перадае агенцтва «Сіньхуа», мэта «спэцаперацыі» — «ажыцьцяўленьне адміністрацыйна-праўнай юрысдыкцыі Кітаю на моры, умацаваньне магчымасьці ажыцьцяўленьня патрульнага права ў далёкіх морскіх раёнах і рэгуляваньня руху ў ключавых акваторыях, запэўненьне бясьпекі морскага руху і абарона нацыянальных правоў і інтарэсаў».

Японія і Філіпіны абвясьцілі аб пачатку дэлімітацыі выключнай эканамічнай зоны і кантынэнтальнага шэльфу на ўсход ад Тайваню падчас нядаўняга візыту філіпінскага прэзыдэнта Фэрдынанда Маркаса – малодшага ў Японію.

МЗС КНР абвінаваціла Японію і Філіпіны ў парушэньні Канвэнцыі ААН аб морскім праве. У дзяржаўнай радзе КНР у справах Тайваню заявілі, што воды, дзе праходзіць дыскутаваная морская мяжа, знаходзяцца недалёка ад выспы.

У адказ адміністрацыя берагавой аховы Тайваню заявіла, што КНР ня мае правоў сувэрэнітэту ў яго ўсходніх водах. Улады вострава накіравалі пяць караблёў і патрульны катэр для назіраньня за сіламі КНР. Тайваньскія вайскоўцы паведамілі, што пасьпяхова адсочваюць перасоўваньні караблёў КНР, якія выйшлі з порту Сямэнь і накіраваліся ў паўднёва-заходнія воды Тайваню.

Пэкін лічыць Тайвань (Кітайскую Рэспубліку) часткаю сваёй тэрыторыі і выступае супраць афіцыйных кантактаў іншых дзяржаваў з тайваньскімі ўладамі. Улады Тайваню, у сваю чаргу, адпрэчваюць прапанаваную КНР мадэль «адна краіна — дзьве сыстэмы», якую Пэкін выкарыстоўвае як аснову для магчымага абʼяднаньня. Японія і Філіпіны бачаць узмацненьне прысутнасьці КНР вакол Тайваню як рызыку для ўласнай бясьпекі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG