Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рутэ: Расея не паказвае, што зьбіраецца спыніцца

Гэнэральны сакратар NATO Марк Рутэ на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, 3 чэрвеня 2026 году
Гэнэральны сакратар NATO Марк Рутэ на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, 3 чэрвеня 2026 году

Гэнэральны сакратар NATO Марк Рутэ на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве па выніках пасяджэньня рады Ўкраіна — NATO, якая ўпершыню сабралася ў Кіеве, заявіў, што Расея не дэманструе ніякіх прыкметаў таго, што зьбіраецца спыніць агрэсію ва Ўкраіне.

«Пра гэта сьведчаць жорсткія атакі на Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны. Яшчэ больш загінулых сярод цывільных асобаў, шмат параненых, нанесена шмат шкоды», — адзначыў гэнэральны сакратар NATO.

Кіраўнік NATO апавёў, што на сустрэчы абмяркоўвалася становішча на фронце, а таксама выклікі, якія стаяць перад Украінай.

Марк Рутэ адзначыў, што Расея нясе «абсалютна ашаламляльныя» страты ва Ўкраіне, дзе, паводле яго, штомесяц гіне больш за 30 тысяч расейскіх салдатаў.

«Гэта азначае страту за адзін месяц большай колькасьці людзей, чым Савецкі Саюз страціў за 10 гадоў у 1980-х у Афганістане», — сказаў Рутэ.

Кіраўнік NATO таксама зьвярнуўся да маладых расейцаў, якіх улады РФ вэрбуюць на вайну.

«Вас ашукваюць... Вас нічому не навучаць. Рыштунак, які вам дадуць, — няякасны. Існуе вельмі высокая імавернасьць таго, што вы памраце або атрымаеце раненьне, пакуль будзеце там... І ёсьць імавернасьць, што калі вас параняць, вас пакінуць пакутаваць у гразі й паміраць», — сказаў Рутэ на супольнай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім 3 ліпеня.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG