У 1937-м выйшаў Галоўліт БССР выпусьціў загад выкінуць зь бібліятэк і спаліць 421 выданьне, у тым ліку «Беларускі народ і яго мова» Яўхіма Карскага, творы Янкі Купалы 1918–1928 году, усе кнігі
- Францішка Аляхновіча,
- Алеся Гаруна,
- Максіма Гарэцкага,
- Мітрафана Доўнар-Запольскага,
- Алеся Дудара,
- Тодара Кляшторнага,
- Вацлава Ластоўскага,
- Язэпа Лёсіка,
- Антона Луцкевіча,
- Валерыя Маракова,
- Сьцяпана Некрашэвіча,
- Уладзімера Пічэты,
- Язэпа Пушчы,
- Аркадзя Смоліча,
- Аляксандра Цьвікевіча,
- Міхася Чарота.
Непапраўную шкоду беларускай культуры нанесла зьнішчэньне слоўнікаў, у тым ліку тэрміналягічных — былі спаленыя паўтара дзясятка тамоў «Беларускай навуковай тэрміналёгіі» усіх асноўных галін тагачаснае навукі.
Загад захоўваў сілу цягам дзесяцігодзьдзяў, толькі ўдакладняўся. Галоўліт СССР пэрыядычна выдаваў «Зводны сьпіс кніг, якія падлягаюць выключэньню зь бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі» (у 1960 годзе сьпіс складаў два тамы). Практыка забароны дзейнічала аж да 1991 году — дастаткова сказаць, што некаторыя творы Янкі Купалы і Максіма Гарэцкага былі надрукаваныя толькі ў пачатку 1990-х.
Дзень у гісторыі
1863 — Адбылася бітва пад Мілавідамі. Аб’яднаныя сілы паўстанцаў — слонімскі аддзел Францішка Юндзіла, ваўкавыскі аддзел Густава Стравінскага, гарадзенскі аддзел Аляксандра Лянкевіча, наваградзкі аддзел Вітольда Міладоўскага і пружанскі аддзел Фэлікса Ўлёдка — пад агульным камандаваньнем Аляксандра Лянкевіча далі бой расейскаму войску. Напярэдадні мілавідзкі лягер інспэктаваў Кастусь Каліноўскі. Сярод паўстанцаў 1863–1864 гадоў былі Францішак Багушэвіч і Міхал Эльвіра Андрыёлі.
1912 — Янка Купала скончыў працу над камэдыяй «Паўлінка».
1937 — загад Галоўліту БССР (падпарадкоўваўся НКВД) канфіскаваць зь бібліятэк і кнігарняў і спаліць кнігі 421 беларускага аўтара, у тым ліку клясыкаў. У дужках пасьля прозьвішча часта было пазначана — усе кнігі.
1944 — Нацысты спалілі Пірчупіс, літоўскую вёску ў Варэнскім раёне каля цяперашняй беларускай мяжы. У агні загінулі 119 жыхароў.
1980 — У выніку памылкі амэрыканскага кампутара, які паведаміў аб савецкім ядзерным нападзе, у ЗША абвешчаная ядзерная трывога.
1988 — у газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.
2006 — Чарнагорыя абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі.
У гэты дзень нарадзіліся
1911 — Ганна Сапрыка, беларуская пісьменьніца, перакладчыца.
1915 — Адольф Гугель, беларускі мастак-сацрэаліст.
1935 — у вёсцы Мачулішча пад Халопенічамі нарадзіўся Васіль Зуёнак, беларускі паэт, празаік, крытык, перакладчык і літаратуразнаўца. Працаваў у розных газэтах і часопісах Беларусі, у розныя гады ўзначальваў рэдакцыі літаратурных часопісаў «Бярозка» і «Маладосьць», быў на кіроўных пасадаў у Саюзе пісьменьнікаў БССР. Аўтар шматлікіх зборнікаў і кніг лірычнай прозы, паэзіі, перакладаў.
1936 — Алесь Дзятлаў, пісьменьнік.
1940 — Андрэй Каляда, літаратуразнаўца, тэатразнаўца, спэцыяліст у сцэнічным маўленьні.
У памяці
1863 — у Лукіскай турме ў Вільні расстраляны Станіслаў Ішора, каталіцкі сьвятар, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1899 — Ёган Штраўс (сын), аўстрыйскі кампазытар, дырыжор і скрыпач, кароль вальсаў (самы славуты —«Казкі венскага лесу»), аўтар апэрэт (найвядомейшыя — «Жанчына-кажан», «Цыганскі барон»).
1924 — Франц Кафка, нямецкамоўны пісьменьнік.
1960 — Уладзiмер Перцаў, гісторык.
1997 — Янка Сурвіла, грамадзкі дзяяч у эміграцыі, у 1958–1965 арганізатар і вядоўца беларускіх радыёпраграмаў Гішпанскага радыё.
2008 — памёр Міхаіл Герчык, пісьменьнік і сцэнарыст