Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы налічылі больш за 30 ператрусаў, якія правёў КДБ у беларускіх кватэрах удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі за мяжой

Будынак КДБ ў Менску. Архіўнае фота
Будынак КДБ ў Менску. Архіўнае фота

Праваабаронцам вядома ўжо пра больш чым 30 ператрусаў у сваякоў актывістаў замежжа.

Прынамсі частка зь іх зьвязаная з удзелам у сьвяткаваньнях Дня Волі ў Варшаве, Вільні, Беластоку і ЗША, піша «Вясна».

Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча зь «Вясны», шмат у якіх выпадках актывістаў абвінавачваюць ня толькі паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, але і ў «здрадзе дзяржаве». Пагражаюць, некаторым перадаюць, каб вярталіся, і калі павіняцца й пакрыюць «нанесеныя страты», то нібыта гэта будзе ўлічана.

Лабковіч разглядае гэтую практыку як сьведчаньне таго, што трансьмежавы перасьлед беларусаў узмацніўся, захоўваецца моцны ціск на сваякоў актывістаў, якіх запалохваюць.

Праваабаронцы таксама фіксуюць выпадкі завядзеньня крымінальных справаў на актывістаў, якія вылучаліся ў Каардынацыйную раду.

Што кажа юрыст

Паводле юрыста Дзьмітрыя Лепрэтара, ператрусы ў кватэрах актывістаў, якія мусілі зьехаць, і запалохваньні іх сваякоў у Беларусі могуць зацікавіць юрыстаў Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе.

«Падобныя выпадкі можа разглядаць МКС у сукупнасьці зь іншымі фактамі перасьледу і запалохваньня цывільнага насельніцтва. Гэта частка агульнай карціны сыстэматычнага перасьледу палітычных апанэнтаў. Важна падкрэсьліць, што расьсьледаваньне Міжнародным крымінальным судом сытуацыі «Літва — Беларусь» датычыцца злачынстваў супраць чалавечнасьці, уключаючы дэпартацыю і перасьлед, якія пачаліся на тэрыторыі Беларусі і былі завершаны або працягнуты на тэрыторыі Літвы. Таму, калі ідзецца пра перасьлед і запалохваньне сваякоў асобаў, якія знаходзяцца ў Літве, такія дзеяньні патэнцыйна могуць атрымаць адпаведную праўную ацэнку і кваліфікацыю ў рамках расьсьледаваньня МКС, — цытуе юрыста Дзьмітрыя Лепрэтара выданьне «Люстэрка».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG