Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Украіны для сувязяў з дэмакратычнай Беларусьсю заявіў, што Кіеў прызнае Ціханоўскую прэзыдэнткай

Яраслаў Чарнагор. Архіўнае фота
Яраслаў Чарнагор. Архіўнае фота

Яраслаў Чарнагор, прызначаны амбасадарам у асаблівых даручэньнях для супрацы зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, выклаў сваё бачаньне беларускай сытуацыі.

Яраслаў Чарнагор прызначаны амбасадарам у асаблівых даручэньнях у пытаньнях дэмакратычных трансфармацыяў, узаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі і нацыянальнымі рухамі недружалюбных краін, яму нададзеныя паўнамоцтвы кантактаваць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Ён выклаў свае бачаньне беларускай сытуацыі.

У інтэрвію «Нашай Ніве» Яраслаў Чарнагор заявіў, што адна з прычын яго прызначэньня ў МЗС Украіны і наданьня паўнамоцтваў у кантактах зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, — ягоны экспэртны досьвед узаемадзеяньня зь імі:

«Я браў удзел не ў адной імпрэзе дэмакратычных сілаў. Дый сам чатыры гады запар арганізоўваў форум Астроскіх, а сёлета разам з Аб’яднаным пераходным кабінэтам ладзіў рэгіянальны форум бясьпекі «Шлях да волі». У траўні я прысутнічаў у Варшаве на Канфэрэнцыі беларусаў і беларусак сьвету, і Сьвятлана Ціханоўская там уручыла мне мэдаль «За плённую працу на карысьць Беларусі».

Чарнагор, сярод іншага, паведаміў, што зь Сьвятланай Ціханоўскай пазнаёміўся два гады таму ў Стакгольме на форуме, прысьвечаным Беларусі, які арганізавала швэдзкае МЗС.

Чарнагор патлумачыў, чаму Ўладзімір Зяленскі пайшоў на дыялёг зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі толькі цяпер:

«Бо сытуацыя зьмянілася. Пасьля лютага 2022-га, калі быў зьдзейсьнены напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, паўночныя вобласьці краіны былі пад пагрозай. Тое, што Беларусь на чале з Лукашэнкам тады ў вайну паўнавартасна не ўступіла, лічылася вельмі пазытыўным фактарам. І ўся палітыка будавалася на тым, каб гэтага ня здарылася і надалей, гэта было прыярытэтам.

Але праз тры гады, па-першае, Украіна ўмацавалася ў вайсковым пляне, па-другое, рэжым Лукашэнкі, мяркуючы з усяго, ня вельмі шануе тыя дамоўленасьці аб неўмяшаньні ў вайну, якія былі ў 2022 годзе. У прыватнасьці, я маю на ўвазе знаходжаньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, спрыяньне палётам расейскіх бесьпілётнікаў (ці рэтрансьляцыю). І апошняя кропля — гэта пабудова базы для „Арэшніку“».

Чарнагор кажа, што сытуацыя сасьпела такім чынам, што Кіеў мусіць асымэтрычна адказваць на пагрозы з боку Беларусі.

«У Кіеў прыехала Сьвятлана Ціханоўская — Офіс Зяленскага паказаў, што мы маем з кім размаўляць, мы прызнаем яе прэзыдэнтам. А Лукашэнка ня мае манаполіі на голас беларускага народу. І на кожнай сустрэчы, інтэрвію і спадар Зяленскі, і міністар замежных справаў Сыбіга падкрэсьліваюць, што мы аддзяляем рэжым Лукашэнкі і беларускі народ».

Аб сваёй працы на новай пасадзе амбасадар расказаў:

«Галоўная мэта — скарыстацца спрыяльнай сытуацыяй у кантактах паміж украінскімі ўладамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, каб разьвязаць шэраг пытаньняў. Будзе створаная міжведамасная група каардынацыі разьвязаньня праблемаў беларусаў ва Ўкраіне. У тым ліку беларускіх добраахвотнікаў.

Магчыма, гэта паспрыяе росту колькасьці добраахвотнікаў і валянтэраў ва Ўкраіне. Мы сапраўды маем патрэбу ў інтэлектуальных і працавітых людзях, якія, я ўважаю, акурат і складаюць аснову той хвалі іміграцыі, якая пачалася пасьля 2020 году. Вядома, вайна ня вельмі спрыяе таму, каб яны прыяжджалі ва Ўкраіну, але, магчыма, мы хоць трохі зьменім гэтую сытуацыю да лепшага».

Паводле амбасадара Чарнагора, саўдзел Лукашэнкі ў вайне нікуды не падзеўся, пагроза зь яго боку не зьмяншаецца, наадварот — павялічваецца.

«Можа, сытуацыя ўвогуле абвострыцца так, што сапраўды Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну, і тады шлях дэмакратызацыі будзе зусім іншы. Менавіта таму ўкраінскі бок і арганізаваў сустрэчу зь Ціханоўскай.

Альтэрнатыва рэжыму існуе (доўга ж лічылася, што альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі няма). І нам важна данесьці, што калі рэжым усё ж да канца трапіць пад уплыў Крамля і ўступіць у вайну — наступствы для яго будуць катастрафічныя. Камандуючы сіламі бесьпілётных сыстэмаў выразна сказаў, што на такі выпадак ужо вызначана 500 цэляў на тэрыторыі Беларусі. Таму рэжыму лепш бы падумаць і нават самастойна шукаць кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі».

Што вядома пра Чарнагора

Яраслаў Чарнагор за апошнія 10 гадоў прайшоў шлях ад акадэмічнага навукоўца, які валянтэрыў у вайсковым шпіталі, да ўдзельніка Антытэрарыстычнай апэрацыі, афіцэра Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Украіны.

Пасьля службы ў войску выконваў абавязкі дырэктара праграмы аналітычнага цэнтру «Ўкраінская прызма». Цяпер працуе у Міністэрстве замежных справаў Украіны, дзе яго прызначылі амбасадарам у асаблівых даручэньнях, у прыватнасьці, для наладжваньня эфэктыўнай супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Ігар Кізім, які працаваў паслом Украіны ў асаблівых даручэньнях для Беларусі, пайшоў у адстаўку ў ліпені 2025 году.

Упраўленьне недружалюбных краін у структуры Міністэрства замежных справаў Украіны было створана на загад міністра Андрэя Сыбігі ў ліпені 2025 году. Пад такімі краінамі маюцца на ўвазе Расея і Беларусь.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG