Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 5 гадоў таму Сьцяпан Латыпаў зрабіў спробу самагубства ў судзе

Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

Падзеі 1 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

1 чэрвеня 2021 году палітзьняволены Сьцяпан Латыпаў зрабіў першую спробу самагубства ў судзе. На знак пратэсту супраць пастаяннага ціску адміністрацыі проста на судовым паседжаньні Сьцяпан уваткнуў сабе ў горла асадку. За гэты ўчынак Латыпава паставілі на асаблівы ўлік як «схільнага да самагубства», ускладнілі ўмовы зьняволеньня. Гэта была першая ягоная спроба самагубства.

«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся», — казаў Латыпаў пра катаваньні пасьля затрыманьня.

Зьдзекі турэмнай адміністрацыі з палітвязьня не спыніліся і пазьней. На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі Сьцяпан глытаў лязо і рэзаў сабе вены. Гэта была другая спроба самагубства. Пасьля гэтага ўвосень 2022 году Сьцяпану зьмянілі рэжым утрыманьня і перавялі на два гады ў магілёўскую турму № 4.

У ліпені 2025 году палітзьняволенага перавялі з магілёўскай турмы № 4 ў ПК № 22 «Воўчыя норы» ў Івацэвіцкім раёне, дзе адразу пакаралі зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар), а затым у ПКТ («памяшканьне камэрнага тыпу»). Там Сьцяпан парэзаў сабе вены і там жа іх зашывалі. Вядома, што ў турме палітвязень прасіў адзіночнага ўтрыманьня.

Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году ў двары «Плошчы Перамен» у Менску, у ягоным мікрараёне, вядомым сваімі пратэставымі настроямі. Сьцяпан выйшаў у двор абараніць мурал пратэсту, які жыхары дому аднавілі пасьля зьнішчэньня камунальнікамі, і неўзабаве яго затрымалі амапаўцы.

У 2021 годзе Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў). Яго прызналі вінаватым паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), артыкулу 363 («супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак») і часткі 4 артыкулу 209 («махлярства ў асабліва буйным памеры»).

Як дырэктару кампаніі «Беларба» яму інкрымінавалі тое, што ён нібыта ўводзіў у зман кліентаў пры аказаньні паслугаў хімічнай абароны расьлін. Ні ў водным з пунктаў абвінавачаньня Латыпаў віны не прызнаў. Праваабаронцы прызналі перасьлед Латыпава і раптоўныя абвінавачваньні супраць яго на прафэсійнай глебе перасьледам з палітычных прычын.

На 1 чэрвеня 2026 году рэжым Лукашэнкі працягвае трымаць Сьцяпана Латыпава ў турме, у цяжкіх умовах .

Дзень у гісторыі

1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Быў уведзены ў лістападзе 1949 году ў Парыжы рашэньнем кангрэсу Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын. Упершыню Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначылі ў 1950 годзе.

1836 — на месцы разбуранага гістарычнага Берасьця расейцы заклалі першы камень у будоўлю Берасьцейскай крэпасьці. Горад перанесьлі на тры кілямэтры на ўсход.

Берасьцейская крэпасьць
Берасьцейская крэпасьць

1916 — у Вільні стварылі Беларускі клюб.

1930 — у Гомлі заснавалі Беларускі лесатэхнічны інстытут (з 1946 году — у Менску, з 1961 году — Беларускі тэхналягічны інстытут, з 1993 году — Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт).

1990 — прэзыдэнт ЗША Джордж Буш (старэйшы) і савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў падпісалі дамову аб спыненьні вытворчасьці хімічнай зброі.

Джордж Буш (старэйшы) і Міхаіл Гарбачоў
Джордж Буш (старэйшы) і Міхаіл Гарбачоў

У гэты дзень нарадзіліся

1804Міхал Глінка, расейскі кампазытар, паходзіў з смаленскай шляхты.

Міхаіл Глінка
Міхаіл Глінка

1911Якуб Міско, беларускі пісьменьнік, журналіст.

1926 Мэрылін Манро, амэрыканская кінаакторка, сьпявачка, сэкс-сымбаль.

Мэрылін Манро
Мэрылін Манро

1928Леакадзія Шышэя, удзельніца паваеннага супраціву, сяброўка падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», нявольніца ГУЛАГу.

Леакадзія Шышэя
Леакадзія Шышэя

1945 Аляксей Кузьміч, беларускі мастак.

Алесь Адамовіч і Аляксей Кузьміч, фота Яўгена Коктыша
Алесь Адамовіч і Аляксей Кузьміч, фота Яўгена Коктыша

1946 Генрых Далідовіч, беларускі пісьменьнік.

1954Алесь Асташонак, беларускі пісьменьнік, перакладнік.

1954 Сяргей Журавель, актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.

1963 Ігар Жалязоўскі, наймацнейшы коўзанік сьвету, за свае перамогі ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. На Алімпіядзе ў Лілегамэры стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам. Не перажыў цяжкую форму каранавірусу і памёр на 59-м годзе жыцьця.

Ігар Жалязоўскі
Ігар Жалязоўскі

У памяці

1434 Ягайла, вялікі князь літоўскі, кароль Польшчы.

1970Тадэвуш Іваноўскі (Тадас Іванаўскас), беларускі і літоўскі заоляг, пэдагог.

2009 Аляксандар Патупа, бізнэсовец, журналіст, грамадзкі дзяяч.

Аляксандар Патупа
Аляксандар Патупа

2021 Фёдар Крыванос, праваслаўны сьвятар, дасьледнік рэпрэсіяў бальшавікоў супраць сьвятарства.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG