Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпан Латыпаў шосты раз сустракае дзень народзінаў у турме, яму споўнілася 46 гадоў

Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас прысуду, 2021
Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас прысуду, 2021

46 гадоў адзначае 11 красавіка палітвязень Сьцяпан Латыпаў, вядомы затрыманьнем у двары «Плошчы Перамен» — менскага мікрараёну, дзе ў 2020 годзе ішлі асабліва выразныя пратэсты супраць міліцэйскага гвалту і фальшаваньня выбараў.

Ад 15 верасьня 2020 году арбарыст (спэцыяліст у дрэвах) Сьцяпан Латыпаў не выходзіць з-за кратаў, сёньня ён ужо шосты раз адзначае дзень народзінаў у няволі.

Цяпер Латыпава трымаюць у магілёўскай крытай турме № 4. Паводле апошняй інафармацыі, якую атрымалі праваабаронцы «Вясны» ў сакавіку, ён сам прасіўся ў адзіночную камэру, але ці задаволілі просьбу палітвязьня, зьвестак ня маюць.

На знак пратэсту супраць перасьледу Сьцяпан Латыпаў ужо прынамсі тройчы рабіў спробу суіцыду. З таго, што вядома, апошні раз у 2025 годзе ён рэзаў сабе вены ў калёніі № 22 «Воўчыя норы». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта адбылося ў ПКТ (памяшканьне крытага тыпу. — РС), куды палітвязьня зьмясьцілі пасьля працяглага знаходжаньня ў ШЫЗА (штрафным ізалятары. — РС). За якія правіны Латыпава пакаралі дадатковай ізаляцыяй, невядома.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў пра ўмовы ў камэры, дзе трымалі палітвязьня: там не было разэткі, кіпень давалі толькі двойчы на дзень. У верасьні 2025 году Сьцяпана Латыпава з калёніі № 22 перавялі ў магілёўскую турму № 4, дзе ён ужо быў зьняволены раней — з 2022 па 2024 год. Паводле праваабаронцаў, гэта стала для палітвязьня новым ударам, ён казаў, што «ня бачыць сэнсу жыцьця і ня вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у 2024 годзе, падчас першага знаходжаньня ў магілёўскай турме, Латыпаў хварэў на цынгу.

Апазыцыйныя палітыкі і праваабаронцы працягваюць кампанію прыцягненьня ўвагі да лёсу Сьцяпана Латыпава і патрабуюць тэрміновага вызваленьня палітвязьня. 30 сакавіка беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу ў літоўскім Сейме трымала ў руках партрэт Сьцяпана Латыпава, якога назвала прыкладам мужнага змаганьня за свабоду.

У жніўні 2021 году Сьцяпана Латыпава асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту (ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), «супраціў міліцыянтам» (ч. 2 арт. 363 КК) і «махлярства, здзейсьненае ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 КК) на восем гадоў і шэсьць месяцаў зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў. На судзе Латыпаў не прызнаў віны ў ніводным эпізодзе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG