Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволены Сьцяпан Латыпаў трэці раз учыніў спробу самагубства

Сьцяпан Латыпаў, 11 жніўня 2020
Сьцяпан Латыпаў, 11 жніўня 2020

Вядомага арбарыста ўжо шосты год трымаюць за кратамі з палітычным абвінавачаньнем.

Як стала вядома праваабаронцам, у ліпені 2025 году палітзьняволенага жыхара менскай «Плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 ў ПК № 22 «Воўчыя норы», дзе адразу зьмясьцілі ў ШЫЗА, а затым у ПКТ.

Там Сьцяпан парэзаў сабе вены і там жа іх зашывалі. Вядома, што ў турме палітвязень прасіў адзіночнага ўтрыманьня.

У ПКТ палітвязьня трымалі ў дрэнных умовах: у камэры не было разэткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыкладна ў верасьні 2025 году Сьцяпана зноў перавялі ў турму.

Сам Сьцяпан нібы казаў, што ня бачыць сэнсу жыцьця і ня вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.

Сьцяпана Латыпава затрымалі ў верасьні 2020 году ў двары «Плошчы Перамен» у Менску, у ягоным мікрараёне, вядомым сваімі пратэставымі настроямі.

Сьцяпан выйшаў у двор абараніць мурал пратэсту, які жыхары дому аднавілі пасьля зьнішчэньня камунальнікамі, і неўзабаве яго затрымалі амапаўцы.

У 2021 годзе Сьцяпану Латыпаву прысудзілі 8,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў (8700 рублёў).

Латыпава прызналі вінаватым паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), артыкулу 363 («супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак») і часткі 4 артыкулу 209 («махлярства ў асабліва буйным памеры»).

Як дырэктара кампаніі «Беларба» яму інкрымінавалі тое, што ён нібыта ўводзіў у зман кліентаў пры аказаньні паслугаў хімічнай абароны расьлін.

Ні ў водным з пунктаў абвінавачаньня Латыпаў віны не прызнаў. На судзе ён расказаў, як зь ім абыходзіліся пасьля затрыманьня.

«Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны сьмяяліся», — сказаў Сьцяпан Латыпаў пра катаваньні пасьля затрыманьня.

На знак пратэсту супраць пастаяннага ціску адміністрацыі проста на судовым паседжаньні Сьцяпан уваткнуў сабе ў горла асадку. Праз гэты ўчынак Латыпава паставілі на асаблівы ўлік як «схільнага да самагубства», для яго ўмовы зьняволеньня ўскладніліся. Гэта была першая ягоная спроба самагубства.

На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі Сцяпан глытаў лязо і рэзаў сабе вены. Гэта была другая спроба самагубства. Пасьля гэтага, восеньню 2022 году Сьцяпану зьмянілі рэжым утрыманьня і перавялі на два гады ў магілёўскую турму № 4.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG