«Мы з камандай амбасады вельмі радыя вялікай цікавасьці да Нямеччыны. Нам вельмі важна ўмацоўваць наяўныя кантакты паміж Нямеччынай і Беларусьсю і спрыяць завязаньню новых. Афармленьне візаў адыгрывае пры гэтым ключавую ролю. На жаль, мы ня можам цалкам задаволіць высокі попыт, і тэрміны чаканьня значна павялічваюцца», — адзначыла ў відэазвароце кіраўніца нямецкага дыпляматычнага прадстаўніцтва Катрын аўс дэм Зыпэн.
Паводле яе, у будучыні амбасада хоча надаць гэтай праблеме яшчэ больш увагі.
«Мы працуем над рашэньнямі, якія дазволяць аптымізаваць працэсы», — сказала яна.
Яна анансавала новую рубрыку на пляцоўках камунікацыі амбасады зь беларускімі грамадзянамі — «Visa: Mission Possible» («Віза: місія выканальная»; адсылка да вядомых фільмаў з Томам Крузам «Місія невыканальная», толькі з процілеглым сэнсам. — «Позірк»). У рубрыцы будуць ролікі, закліканыя «зрабіць так, каб падача дакумэнтаў на візу была пасьпяховай», паведаміла дыпляматка.
У суправаджальным прэс-рэлізе адзначаецца, што ў 2025 годзе амбасада ФРГ выдала грамадзянам Беларусі каля 42 тыс. шэнгенскіх візаў. Яна «ўваходзіць у дзясятку рэкардсмэнаў у выдачы візаў сярод замежных прадстаўніцтваў Нямеччыны ўва ўсім сьвеце».
Акрамя таго, амбасада мае намер «зьняпраўдзіць распаўсюджаныя міты аб афармленьні візаў».
Згодна зь міграцыйнай службыай ЭЗ, летась у Беларусі было выдадзена каля 152 тыс. шэнгенскіх візаў. Такім чынам, доля Нямеччыны склала прыкладна 28%.
Форум