Аб гэтым ён заявіў, выступаючы на Чарнаморскім форуме бясьпекі ў Адэсе, піша reform.news.
На пытаньне вядучага, ці існуе сёньня рэальная пагроза ўварваньня ва Ўкраіну з боку Беларусі, Келаг адказаў, што гэта было б вар’яцтвам з боку Лукашэнкі.
«Я думаю, што прэзыдэнт Лукашэнка, калі б ён вырашыў зрабіць нешта падобнае, зрабіў бы абсалютна недарэчна. Гэта было б утрапёнасьцю, таму што, як мне здаецца, яго сілы былі б разгромленыя. У яго ўжо ёсьць унутраная незадаволенасьць», — лічыць Келаг.
Келаг нагадаў, што сустракаўся з Лукашэнкам асабіста, калі ЗША вялі перамовы аб вызваленьні палітвязьняў. Пасьля той сустрэчы ў чэрвені 2025 года былі вызваленыя 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі.
Келаг адзначыў блізкасьць Лукашэнкі да Пуціна і заявіў, што нарошчваньне сіл у Беларусі можа быць накіраванае таксама на захад, але ён бы не турбаваўся з гэтай нагоды. Уварваньне ва Ўкраіну стане для Лукашэнкі канцом, лічыць ён.
«Я б ня надта турбаваўся з гэтай нагоды. Пра гэта гавораць. Але калі на яго будуць ціснуць, каб ён пайшоў на такі крок, думаю, гэта, верагодна, стане канцом Лукашэнкі ў тым выглядзе, у якім мы яго ведаем, таму што ягоныя сілы не змогуць супрацьстаяць украінскім войскам, асабліва на паўночным кірунку. Я ведаю, што гэта быў адзін з першапачатковых маршрутаў наступу на Кіеў, але я ня бачу такога сцэнару ў будучыні. Зрабіць нешта падобнае было б выключна безразважна», — заявіў Келаг.
Форум