Згодна з дакумэнтам, апублікаваным 30 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, тэрмін дзеяньня пасьведчаньня аб адкрыцьці карпункта акцыянэрнага таварыства «Першы канал» прадоўжаны па 30 траўня 2028 года.
Аналягічныя дазволы, выдадзеныя «Інфармацыйнаму тэлеграфнаму агенцтву Расеі (ІТАР-ТАСС)» (у пастанове выкарыстаная састарэлая назва, цяпер называецца проста ТАСС) і «Усерасейскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі» (УДТРК), падоўжаныя па 31 траўня і 22 ліпеня 2028 года адпаведна.
Міністэрству замежных справаў Беларусі даручана «зрабіць захады па рэалізацыі гэтай пастановы».
Летась напрыканцы лістапада ўрад падоўжыў дазвол на працу ў Беларусі карпунктаў міжнароднага інфармагенцтва «Россия сегодня» (па 2 сьнежня 2027-га) і тэлекампаніі НТВ (па 7 сьнежня 2027-га).
Усе згаданыя мэдыяструктуры актыўна трансьлююць прапагандысцкія наратывы Крамля.
- Пасьля падзей 2020 года ў Беларусі практычна не засталося незалежных грамадзка-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасьля разгрому (вобшукі, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блякаваньне) або закрыліся, або былі вымушаны працягнуць працу за мяжой. Некаторыя незалежныя сеткавыя СМІ, якія засталіся ў краіне, у інтарэсах бясьпекі пераключыліся на бытавыя тэмы.
- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёньня ў няволі знаходзіцца 21 прадстаўнік мэдыя.
Форум