Кароткая гісторыя першай прэміі
Прэмію для беларускіх навукоўцаў «Бізон Гіґс» заснавала ў 2024 годзе супольнасьць зыну Pamyłka, які выдае ў Варшаве ўжо чацьвёрты год невялікая група энтузіястаў. Днямі выйдзе дзясяты нумар. У прыярытэце дакладныя і прыродазнаўчыя навукі — матэматыка, фізыка, хімія, біялёгія, мэдыцына. А таксама міждысцыплінарныя галіны — напрыклад, на сутыку біялёгіі й філязофіі, фізыкі й біялёгіі. Артыкулы ў «Памылцы» друкуюцца выключна па-беларуску.
«Беларускую навуковую прэмію заснавальнікі назвалі па аналёгіі з базонам Гіґза, гіґзаўскім базонам — элемэнтарнай часьцінкай, дзякуючы якой іншыя часьцінкі набываюць масу. Ну, а бізон — адсылка да беларускага зубра», — тлумачыць каардынатар прэміі для беларускіх навукоўцаў Міхаіл Воўчак.
У фінал першай прэміі выйшлі 6 кандыдатаў — беларускіх навукоўцаў, якія працуюць у розных краінах сьвету: Беларусі, Грузіі, Нямеччыне, Швайцарыі. Спэктар галін навукі разнастайны: лічбавыя камунікацыйныя тэхналёгіі; матэматыка; мэдыцына; квантавая хімія; штучны інтэлект; арніталёгія.
Пераможцамі тады сталі Максім Домніч, выпускнік біяфаку БДУ, які працуе ва ўнівэрсытэцкім шпіталі Эсэну ў Нямеччыне (анкалёгія, мэдыцына).
Зьміцер Фірага, выпускнік хімфаку БДУ, які працуе ў Фрайбургу (Нямеччына) у кампаніі Avant-garde Materials Simulations (фармацэўтыка і квантавая хімія).
Юлія Сандамірская, выпускніца фізфаку БДУ, прафэсарка, кіраўніца дасьледчага цэнтару «Кагнітыўныя вылічэньні ў навуках аб жыцьці» Цюрыскага ўнівэрсытэту прыкладных навук у Швайцарыі (штучны інтэлект).
«Таленавітыя беларусы ня скончыліся»
У 2026 годзе арганізатары вырашылі абвясьціць конкурс на другую навуковую прэмію, галоўная мэта якой — паказаць пазытыўны прыклад стваральнай дзейнасьці і падтрымаць разьвіцьцё адкрытай навукі.
Спэктар дасьледаваньняў: навукі пра Зямлю, натуральныя, дакладныя навукі, мэдыцына, біялёгія. Гуманітарных няма.
«Я хачу, каб зноў сталі бачныя нашы навукоўцы. Адкрытая навука мае шанцы ня толькі на выжываньне, але і на разьвіцьцё. Навукоўцы даюць пазытыўны прыклад іншым і таксама зараджаюцца. Мы ўсё робім па-беларуску, для беларускіх грамадзян. І тое, што першая прэмія была пасьпяховай, натхняе нас на другую прэмію. Бо таленавітыя беларускія навукоўцы ня скончыліся на тых, хто быў вылучаны на першую прэмію „Бізон Гіґс“. Яны яшчэ ёсьць, і я хацеў, каб гэта было бачна шырэй. І беларусы нам у гэтым дапамогуць», — кажа каардынатар прэміі Міхаіл Воўчак.
Рэглямэнт прэміі апублікаваны ў Pamyłcy № 3. Каардынатар прэміі падкрэсьлівае, што яна народная: навукоўцаў намінуюць самі беларусы, няма экспэртнай рады, якая вызначае пераможцаў, — намінаваньне і галасаваньне цалкам залежаць ад саміх грамадзян.
«Мы ствараем магчымасьць таго, каб беларусы заявілі пра беларусаў. Чалавек можа паведаміць пра свайго сябра, які працуе дзе-небудзь Ганконгу ці ў Злучаных Штатах, робіць цікавыя дасьледаваньні, і раскрые гэта беларускаму сьвету — гэта будзе цудоўна!
Але прэмія разьлічана на ўсіх беларускіх навукоўцаў, а ня толькі на тых, якія працуюць за мяжой. Калі вы ведаеце таленавітых навукоўцаў у Беларусі — трэба пра іх расказаць! Паведамляйце. Добрыя людзі, таленавітыя навукоўцы павінны быць адзначаны, ацэнены пры жыцьці. Няважна, дзе навукоўцы працуюць: у Беларусі, па-за Беларусьсю або жывуць і працуюць на некалькі краін. Важна паказаць, што чалавек зрабіў. Мяжа ня мае значэньня, важная асоба ў навуцы», — акцэнтуе ўвагу Міхаіл Воўчак.
Важная каштоўнасьць праекту — яго беларусацэнтрычнасьць: уся камунікацыя вядзецца па-беларуску для тых, хто ідэнтыфікуе сябе як беларусаў, незалежна ад месца, дзе жыве ці працуе, падкрэсьлівае каардынатар.
Пераможцаў вызначаць пад Новы год
Працэс вызначэньня пераможцаў другой прэміі будзе складацца зь некалькіх пасьлядоўных крокаў.
Падрыхтоўка (лета). Зараз ідзе пошук валянтэраў для графічнай падтрымкі й іншых арганізацыйных задачаў. Ахвочыя могуць запоўніць форму ў Instagram праекту.
Збор сродкаў (верасень). З канца лета і цягам верасьня будзе адкрыты збор сродкаў на саму прэмію, каб беларусы маглі фінансава падтрымаць таленавітых навукоўцаў. Пакуль заяўлена сума ў 1 тысячу эўра.
Намінаваньне (кастрычнік). Кожны зможа прапанаваць кандыдатуру навукоўца
Галасаваньне (лістапад). Праз адкрытую форму людзі будуць рабіць сьвядомы выбар і тлумачыць, чаму яны падтрымліваюць менавіта гэтага кандыдата
Фінал (канец сьнежня): Абвяшчэньне фіналістаў плянуецца пад Новы год.
Як далучыцца?
Асноўнай пляцоўкай для камунікацыі будзе Instagram. Менавіта там будуць разьмяшчацца арганізацыйныя допісы з інструкцыямі, як ахвяраваць на прэмію, як намінаваць навукоўца, як прагаласаваць.
Каардынатар прэміі Міхаіл Воўчак заклікае беларусаў не саромецца і заяўляць пра сваіх сяброў і калег-навукоўцаў, каб іхная праца стала бачнай усяму сьвету.
Уся інфармацыя быдзе разьмешчана на адной пляцоўцы — у інстаграм.
Форум