Шэраг кампаніяў выставіў супраць стартапу абвінавачаньні ў парушэньні аўтарскіх правоў, незаконным капіяваньні і распаўсюдзе зьмесьціва. У судах ужо разглядаюць пазовы да кампаніі ад газэты The New York Times і плятформы Reddit. Гэтым разам пазоў падаў і адзін з найпапулярнейшых амэрыканскіх тэлеканалаў CNN.
У заяве CNN гаворыцца, што кампанія Perplexity, якую ацэньваюць у дзясяткі мільярдаў даляраў, не павінна мець магчымасьці «красьці зьмесьціва ў арганізацыяў, якія ствараюць арыгінальныя матэрыялы».
«Грамадзкасьць спадзяецца на высакаякасную журналістыку навінаў, якая ствараецца людзьмі, каб разумець навакольны сьвет, якая часта небясьпечная і дарагая ў вытворчасьці», — гэтак CNN абгрунтоўвае свае прэтэнзіі.
У CNN мяркуюць, што камэрцыйныя апэратары могуць і павінны плаціць за магчымасьць карыстацца вялікім масівам журналісцкіх матэрыялаў.
Кампанія падала пазоў у Акруговы суд Злучаных Штатаў у Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку. У пазове сказана, што CNN летась спрабавала падпісаць ліцэнзійную дамову з Perplexity, але не змагла дамовіцца наконт варункаў.
Што такое Perplexity і што яна зрабіла?
Ініцыятыва Perplexity — прадукт, створаны з удзелам ураджэнца Гомля Дзяніса Ярца. Беларус больш за 10 гадоў жыве ў ЗША, за гэты час папрацаваў у Microsoft, Quora і Facebook/Meta. На радзіме Ярац скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, а затым стаў доктарам філязофіі ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрку. Там якраз займаўся праблематыкай штучнага інтэлекту.
Стартап зьявіўся ў 2022 годзе ў амэрыканскім Сан-Францыска. Яго разам зь беларусам заснавалі ягоныя кампаньёны — Аравінд Шрынівас, Эндзі Канвінскі і Джоні Го. У 2023-м праект манэтызавалі праз падпіскі карыстальнікаў.
Perplexity AI — пошукавая сыстэма і чат-бот на базе штучнага інтэлекту, які выкарыстоўвае перадавыя тэхналёгіі для адказаў на запыты ў рэжыме рэальнага часу.
Да канца 2024 году Perplexity AI атрымліваў прыкладна 15 мільёнаў пошукавых запытаў на дзень, іх колькасьць пастаянна расла. Ужо ў пачатку 2024 году стартап стаў так званым «адзінарогам» — яго ацанілі ў 1 млн даляраў. А за год ягоная цана вырасла да 9 мільярдаў.
Летась кампанія LinkedIn назвала стартап першым у ЗША ў 2024 годзе. Пакуль няясна, як паўплываюць скандалы вакол збору зьвестак на працу кампаніі і яе кошт.
Юрыдычныя праблемы стартап займеў у жніўні 2025 году, калі найбуйнейшая паводле накладу газэта Японіі «Ёміюры Сімбун» падала супраць Perplexity пазоў аб парушэньні аўтарскіх правоў. Кампанія выкарыстоўвала незаконны доступ да прыкладна 119,5 тысячы артыкулаў на сайце газэты. Сабраную інфармацыю стартап без дазволу выкарыстоўвае ў адказах на запыты карыстальнікаў.
Пасьля японцаў свае прэтэнзіі да Perplexity выставілі іншыя мэдыя, якія таксама заўважылі, што іхныя артыкулы выкарыстоўваюцца ў выдачах кампаніі штучнага інтэлекту з парушэньнем аўтарскіх правоў.
Форум