Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве назвалі ляўрэата паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай

Ігар Кулікоў, паэт і перакладчык
Ігар Кулікоў, паэт і перакладчык

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў прызналі ляўрэатам паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай за 2025 год Ігара Кулікова.

Цырымонія ўручэньня прэміі імя Арсеньневай адбылася ўвечары 27 траўня ў Новым Тэатры ў Варшаве.

Ляўрэатам прэміі вы выніках мінулага году стаў Ігар Кулікоў з кнігай вершаў і перакладаў з ангельскай і санкскрыту «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025) «за мэтафізычную адвагу ў працы з мовай і стварэньні апрычонага мастацкага сьвету».

«Журы адзначыла працу аўтара ў стварэньні свайго моўнага экзістэнцыйна-паэтычнага космасу», — паведамілі арганізатары прэміі.

Сёлета ў кароткім сьпісе намінантаў прэміі былі тры кнігі. Апрача кнігі Ігара Кулікова ў кароткі сьпіс уваходзілі зборнікі «Хроніка адмаўленьня пустаты» Ільлі Кульбіцкага (выдавецтва Skaryna Press, 2025), «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» Макса Шчура (выдавецтва SayBeat, 2025)

Як піша Беларускі ПЭН, «паэтычны сэзон 2025 году засьведчыў ня толькі разнастайнасьць галасоў, але і глыбіннае адчуваньне часу, у якім „немагчыма ня быць“, а слова робіцца спосабам існаваньня, калі аўтары „аднаўляюць сябе моваю“ і шукаюць новыя формы прысутнасьці ў сьвеце. У гэтай прасторы паэзія адкрываецца як „агромністы кавалак сусьвету“, дзе асабістае і агульнае, памяць і досьвед сучаснасьці пераплятаюцца ў адзіны тэкст».

У складзе журы пяць чалавек: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Даря Бялькевіч, Наста Кудасава. Яшчэ адна асоба ў журы застаецца непублічнай.

Прэмію імя Натальлі Арсеньневай заснавалі ў 2016 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Пераможцы прэміі імя Натальлі Арсеньневай мінулых гадоў:

2025 — Сяргей Прылуцкі, «Нічога нястрашнага»;
2024 — Ганна Шакель, «Цела мігдалу»;
2023 — Наста Кудасава,"Побач«;
2022 — Дар’я Бялькевіч, «Сьлёзы на вецер»;
2021 — Алеся Башарымава, «Расамаха»;
2020 — Андрэй Хадановіч, «Школа травы»;
2019 — Марыя Мартысевіч, «Сарматыя»;
2018 — Алесь Разанаў, «Перавыбранае»;
2017 — Уладзімер Някляеў, «Толькі вершы».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG