Як адзначаецца ў паведамленьні дэпартамэнту, за апошнія некалькі месяцаў у «абшчак» пералічылі больш за 700 тысяч грыўняў (амаль 16 тысяч даляраў у эквіваленце — РС), якія сабралі ад распаўсюду наркотыкаў сярод зьняволеных у Хмяльніцкім сьледчым ізалятары. Апроч таго, сьледчыя задакумэнтавалі шматлікія факты вымагальніцтва грошай.
Гэтую дзейнасьць пад кіраваньнем двух «злодзеяў у законе», у тым ліку беларускага, у ізалятары ажыцьцяўляў грамадзянін Азэрбайджану, вядомы па мянушцы «Рамін Гянжынскі», які неаднаразова адбываў пакараньні ў Расеі, а летась яго затрымалі ва Ўкраіне.
У функцыянаваньні злачыннай сеткі ўдзельнічалі асобы, якія мелі статус «смотрящих» за СІЗА, за «гульнёй і чорным», а таксама «за карантынам».
Паводле сьледчых, сходкі адбываліся ў фармаце аўдыё- і відэаканфэрэнцый паміж зьняволенымі розных устаноў выкананьня пакараньняў, а таксама з удзелам асобаў, якія знаходзіліся на свабодзе і за межамі Ўкраіны.
«Падчас такіх сходак удзельнікі абмяркоўвалі разьмеркаваньне сфэр уплыву, каардынацыю злачыннай дзейнасьці, збор сродкаў у „абшчак“, наркатрафік, правядзеньне азартных гульняў, а таксама мэханізмы ціску на іншых арыштантаў», — адзначылі ў дэпартамэнце паліцыі.
Апроч таго, задакумэнтавалі 12 фактаў вымагальніцтва грошай у асобаў, якія знаходзіліся ў сьледчым ізалятары, а таксама шматлікія факты збыту псыхатропаў і наркотыкаў. Пацярпелых прымушалі перадаваць ад 30 да 80 тысяч грыўняў (ад 670 да 1 800 даляраў у эквіваленце. — РС).
Апэратыўныя службы паліцыі супольна з СБУ і двума спэцыяльнымі падразьдзеламі правялі адначасова адразу некалькі ператрусаў у камэрах сьледчага ізалятара і па месцы пражываньня асобных фігурантаў. Падчас вобшукаў сканфіскавалі мабільныя тэлефоны, банкаўскія карткі, у тым ліку і тыя, на якіх акумулявалі сродкі «абшчака», чарнавыя запісы і грошы.
Пяці ўдзельнікам злачынных сходак, якія знаходзяцца ў СІЗА, выставілі падазрэньні паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у тым ліку, у арганізацыі злачынных сходаў, вымагальніцтве, пагрозах супрацоўнікам праваахоўных органаў, у незаконным збыце псыхатропаў і наркотыкаў.
Аб завочным выстаўленьні падазрэньня беларускаму «злодзею ў законе» не паведамляюць.
Што вядома пра Аляксандра Мядзьведзева
Аляксандар Мядзьведзеў нарадзіўся ў Гомлі 2 студзеня 1970 году. Упершыню трапіў у турму ў 2006 годзе. Першыя выракі атрымаў за крадзяжы, а пазьней — за вымагальніцтва і распаўсюд наркотыкаў. Адбываў пакараньні ў розных папраўчых калёніях Беларусі — у Ваўкавыску, Баранавічах, Мазыры, Глыбокім, Віцебска і Гомля.
У 2012 годзе яго каранавалі на зладзейскай сходцы ў Дубаі. Але мянушку «Мядзьведзіка Гомельскага» ён атрымаў пасьля першых выракаў.
Пасьля аднаго з вызваленьняў ён выехаў зь Беларусі ў Расею, але ў сакавіку 2013 году яго затрымалі ў Маскве ў межах супольнай беларуска-расейскай спэцыяльнай апэрацыі. Праз год пасьля адбываньня ў Мурманскай вобласьці пакараньня за распаўсюд наркотыкаў яго этапавалі ў Беларусь.
У 2014 годзе ў Гомлі яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўленьня волі за вымагальніцтва.
У сакавіку 2024 году начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Ананенка ў інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by паведаміў аб чарговым вызваленьні Аляксандра Мядзьведзева з турмы і намякнуў, што ён зноў пакінуў тэрыторыю Беларусі.
Форум