Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад санкцыі ва Ўкраіне падпалі тры беларускія «злодзеі ў законе», два прадпрыемствы выйшлі з-пад абмежаваньняў


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны не падоўжыла санкцыі супраць менскага ААТ «Сьвет піва» (яно гандлявала з самаабвешчанаю ДНР праз Растоў і фігуравала ў крымінальнай справе, адкрытай супраць аўтара адпаведнай схемы гандлю, грамадзяніна Ўкраіны) і Мазырскага сьпіртагарэлачнага заводу.

Гэта вынікае з указу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб увядзеньні ў дзеяньне рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) аб прымяненьні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных ды абмежавальных захадаў. Указ быў падпісаны 14 траўня.

Санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя ў траўні 2018 году на тры гады, цяпер тэрмін іх дзеяньня скончыўся. Гэта азначае, што ўжо ў чэрвені беларускія прадпрыемствы пры жаданьні могуць аднавіць свае дачыненьні з украінскімі партнэрамі.

Згодна з указам прэзыдэнта Ўкраіны, на тры гады падоўжылі санкцыі супраць расейскіх друкаваных і онлайнавых мэдыярэсурсаў і тэлеканалаў, а таксама супраць кампаній, якія займаліся праграмным забесьпячэньнем. Паводле ўказу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага заблякаваныя ўсе іхныя актывы, цалкам прыпыненыя гандлёвыя апэрацыі, ануляваныя ліцэнзіі і забаронены ўдзел у тэндэрах на закуп тавараў і паслуг. Усё гэта на тры гады.

Адначасова пад санкцыі — бестэрміновае блякаваньне актываў і забарона любой дзейнасьці ва Ўкраіне — падпалі тры вядомыя беларускія злодзеі ў законе:

  • Павал Алексіевіч (ALEKSEEVICH PAVEL, нарадзіўся 14 лістапада 1981 году ў Беларусі, грамадзянін Беларусі, у крымінальных колах вядомы як Паштэт)
  • Алег Герасімовіч (GERASIMOVICH OLEG, нарадзіўся 1 сакавіка 1974 году ў Беларусі, грамадзянін Беларусі, вядомы ў крымінальных колах як Алег Слуцкі і Муму).
  • Аляксандар Кушняроў (KUSHNEROV ALEXANDER, нарадзіўся 29 ліпеня 1966 году ў Беларусі, грамадзянін Беларусі, у крымінальных колах вядомы як Саша Кушнер і Саша Беларус).


Усяго ў санкцыйны сьпіс уключаныя 138 юрыдычных і 674 фізычныя асобы, зьвязаныя з агрэсіяй Расеі і крымінальнымі коламі.

Сёлета ў сакавіку пад санкцыі падпалі менскія таварыствы з абмежаванай адказнасьцю «Лайф Груп» (працуе з 2009 году як дыстрыбутар беларускіх касмэтычных брэндаў) і «Экмі Касмэтыкс Груп» (створана ў 2017 годзе, займаецца вытворчасьцю парфумэрных і касмэтычных сродкаў). Абодва маюць вялікае прадстаўніцтва для прасоўваньня беларускай прадукцыі на ўкраінскім рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG