Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 4 гады з дня сьмерці Янкі Запрудніка

Янка Запруднік
Янка Запруднік

Падзеі 26 траўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

26 траўня 2022 году ў Злучаных Штатах пайшоў з жыцьця выбітны дзеяч беларускай дыяспары Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі).

Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў Міры (у той час — Стаўпецкі павет Наваградзкага ваяводзтва Польскай Рэспублікі, цяпер Карэліцкі раён Рэспублікі Беларусь).

Быў адным зь першых супрацоўнікаў радыё «Вызваленьне» (пазьней — Радыё Свабода) у Мюнхэне, шмат гадоў узначальваў Нью-Ёрскае бюро. Аўтар перадач на тэмы актуальнай палітыкі, беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.

Пасьля дасягненьня незалежнасьці Беларусьсю ў 1991-м рэгулярна наведваў радзіму, апісваў свае ўражаньні на старонках найстарэйшай газэты дыяспары «Беларус». Быў актыўным удзельнікам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Разам з жонкай Надзеяй Кудасавай фінансава спрыяў культурніцкім праектам як у Беларусі, гэтак і ў замежжы.

Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх кнігі «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)» — пра беларускія фэстывалі ў Амэрыцы, якія рэгулярна праводзяцца; «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952–1959 гг.», «Кантакты», заснаваная на лістах, што пісалі беларусы з мэтраполіі Янку Запрудніку, «Берагу майго зарніцы».

У гэты дзень

1926 — пачатак дзейнасьці ў БССР літаратурнага аб’яднаньня «Ўзвышша».

1926 — заснаваны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры — адукацыйна-асьветная ўстанова ў Вільні і Варшаве.

Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка.
Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Першы рад: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва. Другі рад: М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка.

1991 — у Грузіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог Зьвіяд Гамсахурдыя.

Зьвіяд Гамсахурдыя (у цэнтры)
Зьвіяд Гамсахурдыя (у цэнтры)

1991 — у Менску ўтварылася Міжнародная асацыяцыя беларусістаў.

1992 — Беларусь усталявала дыпляматычныя дачыненьні з Ізраілем.

1995 — Аляксандар Лукашэнка і тагачасны прэм’ер-міністар Расеі Віктар Чарнамырдзін на беларуска-расейскай мяжы зьнесьлі сымбалічны шлягбаўм і пасадзілі на ягоным месцы бярозку.

У гэты дзень нарадзіліся

1265 — у апошняй дэкадзе траўня нарадзіўся Дантэ Аліг’еры, флярэнтыйскі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурнай італьянскай мовы, аўтар знакамітай «Боскай Камэдыі», багаслоў, палітычны дзеяч.

1909 — Часлаў Ханяўка, беларускі грамадзкі дзеяч.

1910 — Эдзі Рознэр, джазавы трубач і кампазытар, кіраўнік Дзяржаўнага джазавага аркестру БССР.

1926 — Ільля Курган, беларускі актор, дыктар радыё, пэдагог, заслужаны артыст Беларусі.

У памяці

1863 — у баі з рэгулярным расейскім войскам каля вёскі Парэчча (цяпер у Докшыцкім раёне) загінуў паўстанцкі камісар Дзісенскага павету Генрык Дмахоўскі, скульптар, удзельнік вызвольных паўстаньняў 1831 і 1863–1864 гадоў.

1873 — Міхаіл Дзьмітрыеў, этнограф, фальклярыст, пэдагог у Наваградку і Горадні.

1876 — Францішак Палацкі, чэскі гісторык, адзін з заснавальнікаў чэскага нацыянальнага руху.

Надпіс на помніку Палацкаму ў Празе: «Свайму абуджальніку і правадыру ўваскрослы народ»
Надпіс на помніку Палацкаму ў Празе: «Свайму абуджальніку і правадыру ўваскрослы народ»

1942 — на вуліцы ў Менску быў застрэлены рэдактар падпольнай газэты «Звязда» Уладзімер Амельянюк.

1976 — Марцін Гайдэгер, нямецкі філёзаф.

1977 — Янка Пачопка, дзяяч нацыянальнага руху, пісьменьнік, фальклярыст, аграном.

1994 — Леў Голуб, кінарэжысэр, народны артыст Беларусі.

2017 — Зьбігнеў Бжазінскі, амэрыканскі палітоляг, сацыёляг і дзяржаўны дзеяч польскага паходжаньня.


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG