Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік. Этапы жыцьця і выбраныя цытаты


Янка Запруднік, 2016
Янка Запруднік, 2016

На 96-м годзе жыцьця памёр адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, публіцыст, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, сябра Рады БНР Янка Запруднік.

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў Міры (у той час — Стаўпецкі павет Наваградзкага ваяводзтва Польскай Рэспублікі, цяпер Карэліцкі раён).

Быў адным зь першых супрацоўнікаў радыё «Вызваленьне» (пазьней — Радыё Свабода) у Мюнхэне, шмат гадоў узначальваў Нью-Ёрскае бюро. Аўтар перадач на тэмы актуальнай палітыкі, беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.

Журналісты Радыё Свабода выказваюць спачуваньне родным і блізкім Янкі Запрудніка з прычыны сьмерці свайго былога калегі, выбітнага гісторыка і публіцыста, шчырага і добразычлівага чалавека.


Этапы жыцьця і дзейнасьці Янкі Запрудніка

  • 1940-я: жыцьцё ў савецкай Беларусі, вучоба, Саюз беларускай моладзі, раптоўны ад’езд у Нямеччыну, беларускія лягеры ўцекачоў у Рэгенсбургу і Міхэльсдорфе, гімназія імя Янкі Купалы, скаўцкі рух, урэшце выезд на шахты ў Вялікую Брытанію.
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Міхэльсдорф, 1949
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Міхэльсдорф, 1949
  • 1950-я: пераезд у Бэльгію, на стыпэндыю Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Вучоба, легендарная суполка беларускіх студэнтаў «Дванаццатка», беларускія канцэрты ў Вэстмінстэрскім абацтве, царкоўныя хоры, студэнцкія зьвязы, беларускі часопіс, Парыж.
  • Беларуская сэкцыя радыёстанцыі «Вызваленьне» ў Мюнхэне (ад 1964-га — Радыё Свабода), тут Запруднік адпрацаваў ад 1954 да 1991 году. Кіраваў Нью-Ёрскім бюро беларускай службы Радыё Свабода.
Сядзяць Аўген Вярбіцкі, Віктар Сянкевіч, Галіна Русак, Томас Бэрд, стаяць Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Фота Лявона Юрэвіча
Сядзяць Аўген Вярбіцкі, Віктар Сянкевіч, Галіна Русак, Томас Бэрд, стаяць Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Фота Лявона Юрэвіча
  • У 1957-м пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку на той жа радыёстанцыі. У 1969-м у Нью-Ёрскім унівэрсытэце абараніў дысэртацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расеі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту (1970–1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калюмбійскім унівэрсытэце (1994).
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я

Пасьля дасягненьня незалежнасьці Беларусьсю ў 1991-м рэгулярна наведваў радзіму, апісваў свае ўражаньні на старонках найстарэйшай газэты дыяспары «Беларус». Быў актыўным удзельнікам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Янка Запруднік побач з будынкам, у якім месьцілася рэдакцыя газэты «Свабода», другі справа — Ігар Гермянчук. 1993
Янка Запруднік побач з будынкам, у якім месьцілася рэдакцыя газэты «Свабода», другі справа — Ігар Гермянчук. 1993
  • Разам з жонкай Надзеяй Кудасавай фінансава спрыяў культурніцкім праектам як у Беларусі, гэтак і ў замежжы.
Яка Запруднік у Беларусі, 2009
Яка Запруднік у Беларусі, 2009
  • Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх кнігі «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)» — пра беларускія фэстывалі ў Амэрыцы, якія рэгулярна праводзяцца; «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952–1959 гг.», «Кантакты», заснаваная на лістах, што пісалі беларусы з мэтраполіі Янку Запрудніку, «Берагу майго зарніцы».
Вокладка кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»
Вокладка кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны»
  • Успаміны «Дванаццатка», прысьвечаныя беларускай студэнцкай суполцы ў Лювэне, былі адной з апошніх кніг, якую прачытаў Васіль Быкаў.
Паэт Зьніч (Алег Бембель, ён жа праваслаўны манах Жыровіцкага манастыра Іаан) і Янка Запруднік. 2016
Паэт Зьніч (Алег Бембель, ён жа праваслаўны манах Жыровіцкага манастыра Іаан) і Янка Запруднік. 2016
  • Ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру.
  • Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР».
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўручае мэдаль «100 гадоў БНР» Янку Запрудніку, 2016.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ўручае мэдаль «100 гадоў БНР» Янку Запрудніку, 2016.

Выбраныя цытаты Янкі Запрудніка

«Аптымізм — рэч неабходная ў наш час. Часта абставіны складаюцца так, што няма іншага выйсьця, як толькі быць аптымістам. Таму што альтэрнатывы няма. Альтэрнатыва на аптымізм — пэсымізм. А пэсымізм зьбівае запас тых сіл, якія чалавек мае. Пэсымізм па сваёй прыродзе — вельмі шкоднае адчуваньне. А аптымізм дапамагае. Гэта як у той показцы пра жабу, якая хацела не ўтапіцца ў масьлянцы, лопала-лопала лапамі і ўрэшце села на кучку масла. Так што будзем аптымістамі».

«Мы з жонкай Надзяй шчасьлівыя, бо дажылі да паважнага веку й можам памагаць тым, хто скрайне патрабуе дапамогі. Шчасьце ў няшчасьці».

«Жыць далей клопатам пра Беларусь, пра будучыню, працаваць над гэтым і верыць у тое, што іхныя намаганьні, іхныя пакуты і трывога, любоў да краіны ня пройдуць марна. Тым, хто апынуўся за межамі Беларусі — верыць, што ў іх будзе магчымасьць вярнуцца дамоў і працаваць далей на карысьць нашага народу і нашай краіны».

«Усякі беларускі замежны ўрад будзе найбольш эфэктыўны, калі ён будзе сфармаваны на ідэйнай базе Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзейнасьць замежнага ўраду павінна мець пад сабой гістарычны грунт, ідэйную спадчыну, лёсы папярэдніх дзеячоў-патрыётаў, а таксама прэцэдэнты прызнаваньня Рады як інстытуцыі й Рады як носьбіта ідэі незалежнае беларускае дэмакратычнае дзяржавы».

«Новая хваля беларускіх эмігрантаў у ЗША складаецца з розных асобаў. Ёсьць шмат людзей, адданых беларушчыне, прыхільных, адданых людзей, актыўных у грамадзкім беларуска-амэрыканскім жыцьці. Але гэта далёка ня ўсе. Некаторыя прыяжджаюць, кажуць, што будуць падтрымліваць, але вельмі хутка зьнікаюць, зашываюцца ў свае норы, дзе стараюцца абрасьці далярам і дабрабытам. На жаль, іхныя абяцаньні становяцца пустым гукам і пэўнага роду хлусьнёй. На шчасьце, ёсьць людзі і вельмі шчырыя, працавітыя, і яны папаўняюць беларускую грамаду. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтым новым людзям беларушчына ў Амэрыцы захаваецца».

«Бачу вынікі нашых супольных намаганьняў у тым кірунку, у якім мы пачалі і ідзём далей. Далучаюцца маладыя, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, на ўсе трагедыі, якія навокал нас. Ёсьць парасткі здаровага жывога грунту, і гэтым жывём. Жывём надзеяй! — мая ўлюбёная фраза».

Чытайце таксама:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG