Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі пасадзілі бесьпілётнік, які ляцеў зь Беларусі

Беларуска-літоўская мяжа, архіўны здымак
Беларуска-літоўская мяжа, архіўны здымак

Здарэньне адбылося ў Салечніцкім раёне Літвы.

Памежнікі Літвы пасадзілі ў Салечніцкім раёне дрон, які прыляцеў зь Беларусі, паведаміла 25 траўня Дзяржаўная памежная служба (VSAT) краіны.

Паводле паведамленьня, здарэньне адбылося яшчэ ўвечары ў суботу, 23 траўня. Супрацоўнікі памежнай аховы атрымалі запыт ад Вайскова-паветраных сілаў, ці быў заўважаны лятальны аб’ект, падобна, бесьпілётнік, у паветранай прасторы ў Салечніцкім раёне.

Неўзабаве апэратары відэаназіраньня сапраўды заўважылі бесьпілётны лятальны апарат, які кіраваўся ў бок дзяржаўнай мяжы. Памежнікі выкарысталі сродак падаўленьня дронаў, пакуль той нарэшце не разьбіўся каля вёскі Думбэ.

Менш чым за пяць месяцаў 2026 году літоўскія памежнікі зьбілі 18 бесьпілётнікаў кантрабандыстаў.

Пасля агляду мясцовасьці супрацоўнікі VSAT выявілі самаробны бесьпілётнік бяз грузу прыкладна за 500 мэтраў ад дзяржаўнай мяжы Літвы. Пры ўдары аб зямлю ён атрымаў пашкоджаньні.

На мінулым тыдні ўлады Літвы і суседняй Латвіі некалькі разоў абвяшчалі трывогу і заклікалі жыхароў адпраўляцца ў сховішчы праз заўважаныя ў паветранай прасторы бесьпілётнікі. Кіраўніцтва Эўразьвязу ўсклала віну за парушэньні паветраных межаў на палітычныя рэжымы ў Менску і Маскве.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG