«Узброены мужчына загінуў пасьля перастрэлкі з агентамі Сакрэтнай службы каля брамы Белага дому. Гэта адбылося ўсяго праз месяц пасьля страляніны падчас вячэры карэспандэнтаў Белага дому», — напісаў прэзыдэнт ЗША ў сацсетцы Truth Social.
Здарэньне адбылося ўвечары 23 траўня каля аднаго з кантрольна-прапускных пунктаў Белага дому. Мужчына дастаў з сумкі пісталет і адкрыў агонь, пасьля чаго супрацоўнікі Сакрэтнай службы пачалі страляць у адказ.
Нападніка даставілі ў шпіталь, дзе ён памёр ад атрыманых ранаў. Падчас перастрэлкі пацярпеў таксама адзін мінак, пра яго стан пакуль не паведамляецца. Сярод супрацоўнікаў Сакрэтнай службы пацярпелых няма.
Паводле амэрыканскіх СМІ, нападнікам быў 21-гадовы Насір Бэст. У 2025 годзе мужчыну ўжо затрымлівалі за спробу незаконна пранікнуць у Белы дом, пасьля чаго накіроўвалі на псыхіятрычнае лячэньне.
У момант нападу Трамп знаходзіўся ў будынку і не пацярпеў. Прэзыдэнт ЗША ў сваёй сацсетцы Truth Social выказаў падзяку сілавікам за хуткую рэакцыю. Ён адзначыў, што нападнік меў «схільнасьць да гвалту» і, магчыма, «быў апантаны галоўным сымбалем нашай краіны».
- Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошні час. Месяц таму ўзброены мужчына адкрыў агонь падчас вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дому ў гатэлі «Хілтан», дзе меўся выступаць Трамп. Тады нападніка таксама затрымалі, прэзыдэнт не пацярпеў, адзін з супрацоўнікаў Сакрэтнай службы быў паранены.
Форум