Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пракамэнтавала прапанову ЗША суседзям Беларусі зьняць санкцыі на транзыт калію

Сьвятлана Ціханоўская на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Празе.
Сьвятлана Ціханоўская на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Празе.

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтавала нефармальны ліст, які Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паслаў уладам Літвы, Польшчы і Ўкраіны. Гутарка адбылася падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC у Празе.

— Мы павінны разумець, што гэты ліст — не інструкцыя для кіраваньня палітыкай. Гэта можа быць прапанова. Але, вядома ж, нашы амэрыканскія партнэры добра разумеюць, што кожная краіна сама прымае рашэньне, як камунікаваць ці не камунікаваць з Лукашэнкам, бо тут вельмі шмат інтарэсаў закранута. Гэта перш за ўсё бясьпека.

Вядома ж, наша пазыцыя ў тым, што зараз ніякім чынам ня час паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ні ва Ўкраіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы. Бо калі ў Беларусі дагэтуль працягваюцца рэпрэсіі, дагэтуль саджаюць людзей, то ні пра якія сыстэмныя зьмены, якіх мы дабіваемся, гаворкі быць ня можа.

Бясьпечная і вольная Беларусь таксама ў інтарэсах нашых суседзяў. Яны не наіўныя і яны таксама разумеюць, што пакуль там Лукашэнка, балёны лётаюць над Літвой, у Беларусі дэманструюць «Арэшнік» і ядзерную зброю, праводзяць вучэньні. Здымаць тут санкцыі — гэта не падыход.

— Аднак ЗША ўжо зьнялі санкцыі ўласна зь «Беларуськалію». І калі прадстаўнік прэзыдэнта Трампа Джон Коўл прыяжджае ў Беларусь і размаўляе з Лукашэнкам, ён гаворыць пра магчымасьць зьняць санкцыі ў абмен на вызваленьне палітвязьняў. Ці значыць гэта, што вы больш падтрымліваеце падыход Эўразьвязу, што з рэжымам ня варта размаўляць і варта захоўваць санкцыі?

— Мы вельмі ўдзячныя за намаганьні ЗША вызваляць людзей, бо людзі ў турмах паміраюць, людзі ў вельмі цяжкім стане. Я ўпэўнена, што ў Злучаных Штатаў Амэрыкі дастаткова моцы, каб вызваліць усіх людзей.

Гэта і пэрсанальная сіла прэзыдэнта Трампа, і яго інструмэнты, якімі ён карыстаецца.

— Але калі для гэтага трэба будзе зьняць і транзытныя санкцыі Літвы, Украіны і Польшчы?

— Гуманітарны трэк вызваленьня людзей — гэта амэрыканскі трэк. Мы павінны разумець, што краіна можа прапаноўваць нейкія крокі іншым краінам, але не павінна аказваць ціск. І гэта таксама пазыцыя ЗША. Мы пра гэта шмат разоў размаўлялі з Амэрыкай, з Джонам Коўлам, з [намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША] Крысам Сьмітам. І таму павінна дзейнічаць формула, якую мы выпрацавалі, што амэрыканскія санкцыі дзеля вызваленьня людзей, а эўрапейскія дзеля вызваленьня краіны.

Цяпер адбываецца нават больш эскаляцыі з боку рэжыму — немагчыма нават разглядаць такую магчымасьць зьняцьця санкцыяў. Нашы эўрапейскія партнэры добра гэта разумеюць. Мы, вядома ж, падымем гэтае пытаньне падчас сустрэчаў ва Ўкраіне, але я ўпэўнена, што там ня будзе ніякага апэтыту на зьняцьце санкцыў, бо вось толькі нядаўна ўводзіліся новыя. І Ўкраіна, як ніхто іншы, разумее, што толькі сыстэмным ціскам на беларускі рэжым, на Расею можна іх спыніць у іхных агрэсіўных дзеяньнях.

Таму кожная краіна абірае свой шлях. Я ўдзячная Эўропе за іх прынцыповасьць, за іх сыстэмнасьць і за іх добрае разуменьне сытуацыі вакол Беларусі.

Злучаныя Штаты папрасілі Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхную тэрыторыю. Пра гэта сьведчыць нефармальны зварот Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША на адрас трох сталіц, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода.

У аднастаронкавым дакумэнце, які паходзіць зь Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, гаворыцца:

«Цяпер, калі Злучаныя Штаты зьнялі амэрыканскія санкцыі зь „Беларуськалію“, амэрыканскія кампаніі зацікаўленыя ў набыцьці і транспартаваньні беларускага калію. Для гэтага спатрэбіцца транзыт праз краіны ЭЗ, якія мяжуюць зь Беларусьсю, або праз Украіну, каб унікнуць транспартаваньня праз Расею».

У звароце таксама адзначаецца, што «Злучаныя Штаты зацікаўленыя ў вывучэньні патэнцыйных маршрутаў для транзыту беларускага калію з мэтай зьмякчэньня глябальнага дэфіцыту праз Польшчу, Літву або Ўкраіну і чакаюць будучых абмеркаваньняў гэтай тэмы з вамі».

Міністэрства замежных справаў Украіны пацьвердзіла Радыё Свабода, што атрымала гэты ліст. Міністэрствы замежных справаў Польшчы і Літвы пакуль не адказалі на запыты Радыё Свабода.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG