Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, дзе ў Беларусі праходзяць ядзерныя вучэньні. На іх прыехаў Лукашэнка і зьвязаўся з Пуціным

абноўлена
Аляксандар Лукашэнка ў ракетнай брыгадзе ў Асіповіцкім раёне падчас супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў. 21 траўня 2026 году
Аляксандар Лукашэнка ў ракетнай брыгадзе ў Асіповіцкім раёне падчас супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў. 21 траўня 2026 году

21 траўня — апошні дзень супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў. Раніцай міністэрствы абароны Беларусі і Расеі паказалі, як у Беларусі нібыта дастаўлялі ядзерныя боепрыпасы на месцы правядзеньня вучэньняў.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка, які кіруе ядзернымі вучэньнямі на беларускай тэрыторыі, паведаміў Аляксандру Лукашэнку задуму вайсковых манэўраў у падрыхтоўцы ядзернай зброі да выкарыстаньня і ўжываньня.

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, гэта адбылося ў ракетнай брыгадзе, што дысьлякуецца ў Асіповіцкім раёне.

Яшчэ летась расьсьледаваньне Радыё Свабода называла лякацыю пад Асіповічамі верагодным месцам дысьлякацыі расейскай ядзернай зброі. Менавіта там улады Беларусі імкліва разбудоўвалі вайсковую інфраструктуру.

Лукашэнку паказалі, як працуе ракетны комплекс «Іскандэр-М» і прадэманстравалі нанясеньне ўмоўнага ракетнага ўдару.

«Усе дзеяньні зрабілі такім чынам, як гэта было б у рэальнай баявой абстаноўцы. З адзіным важным нюансам — непасрэднага запуску ракеты не было», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Пасьля ўмоўнага запуску ядзернай ракеты Лукашэнка сказаў: «Калісьці я аб гэтай машыне марыў. А сёньня яна ў нас не адна. І вы лепш за мяне ведаеце, што гэта добрая зброя».

Лукашэнка і Пуцін зьвязаліся па відэасувязі падчас трэніроўкі ядзерных сіл, паведаміла БелТА.

Лукашэнка сказаў Пуціну, што гэта першая такая сумесная трэніроўка і што яны яшчэ зімой абмяркоўвалі свой удзел у ёй.

«Я вас абсалютна падтрымліваю, мы нікому абсалютна не пагражаем. Але ў нас ёсьць такая зброя, і мы гатовыя ўсяляк абараняць нашу сумесную Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастока. Калі нешта ёсьць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца»,— сказаў Лукашэнка.

Што папярэднічала

18 траўня ў Беларусі паведамілі аб пачатку ядзерных вучэньнящ, супольных з Расеяй. У Расеі заявілі аб пачатку сваіх трэнаваньняў 19 траўня. 21 траўня — апошні дзень гэтых вучэньняў.

Бакі, у адрозьненьне ад іншых вайсковых манэўраў, не абнародавалі іх легенду.

У Міністэрстве абароны Беларусі ўвечары 20 траўня паведамілі аб правядзеньні імітацыі ракетных пускаў па вызначаных цэлях.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG