Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выпадак ракетнага ўдару і вялікай колькасьці пацярпелых. У Хвойніцкім раёне рыхтуюцца да маштабных вучэньняў

Нарада ў Хвойніках перад вучэньнямі цывільнай абароны. Травень 2026 году
Нарада ў Хвойніках перад вучэньнямі цывільнай абароны. Травень 2026 году

Хвойніцкі раён мяжуе з Украінай.

У Хвойніках правялі нараду з удзелам кіраўнікоў арганізацыяў і профільных адмыслоўцаў, адказных за цывільную абарону і абарону насельніцтва ва ўмовах надзвычайных сытуацый.

Як паведаміла раённае выданьне «Хойніцкія навіны», нарада адбылася напярэдадні комплекснага вучэньня раённага зьвяна Гомельскай тэрытарыяльнай падсыстэмы надзвычайных сытуацыяў і цывільнай абароны.

Старшыня райвыканкаму Дзьмітры Шпігановіч і начальнік раённага аддзелу надзвычайных сытуацыяў Віктар Сацура падкрэсьлілі, што галоўная мэта вучэньняў — забясьпечыць арганізаванае і апэратыўнае рэагаваньне ўсіх службаў на магчымыя надзвычайныя сытуацыі якога-хаця характару.

«На сэмінары ўдзельнікам прадэманстравалі відэаролік, у якім каротка адлюстравалі асноўныя этапы і захады плянаваных вучэньняў. У сцэнары, апроч стандартнага трэнаваньня ў дзеяньнях пры падтапленьні населеных пунктаў, аварыях на камунальных сетках (адключэньне вады, цяпла) і „ўмоўных“ ракетных ударах з масавай колькасьцю пацярпелых, асаблівую ўвагу сканцэнтравалі на ўдасканаленьні сыстэмы апавяшчэньня і комплексу захадаў абароны насельніцтва», — адзначаецца ў публікацыі выданьня.

На нарадзе абмеркавалі функцыянаваньне невайсковых фармаваньняў цывільнай абароны на аб’ектах, арганізацыю і правядзеньне практычных вучэньняў і трэнінгаў на месцах, а таксама парадак узаемадзеяньня і перадачы інфармацыі аб надзвычайных сытуацыях.

Чаму гэта важна

Хвойніцкі раён мяжуе з Украінай.

15 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў нараду з кіраўнікамі выведных структураў Узброеных сілаў, Міністэрства абароны і Службы бясьпекі, а пасьля нарады заявіў, што Расея плянуе ўдары з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне або па адной з краін NATO. Раней ужо гучалі папярэджаньні Кіева, што Расея можа паўтарыць такі досьвед 2022 году.

Паводле Зяленскага, Украіне вядома, што паміж расейцамі і Аляксандрам Лукашэнкам адбыліся «дадатковыя кантакты, накіраваныя на тое, каб пераканаць яго далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных апэрацыяў».

Апроч таго, у Беларусь пэрыядычна залятаюць дроны, якія ў вайне выкарыстоўваюць Расея і Ўкраіна. Як заяўлялі беларускія вайскоўцы, летась адбылося нібыта больш за 1400 парушэньняў правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы Беларусі. Паводле намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, за 2025 год у Беларусі было разьмінавана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы.

Улады рэдка паведамляюць пра ўварваньне бесьпілётнікаў, якія, як правіла, залятаюць у Беларусь пры паветраных нападах Расеі на Ўкраіну — гэта адбываецца, калі інфармацыя перш зьяўляецца ў сацыяльных сетках, у незалежных мэдыя. Так было, напрыклад, у выпадку зьнішчэньня дронаў над Гомлем у верасьні 2024 году і падзеньнем бесьпілётніка ў спальным раёне Менску ў ліпені 2025-га.

17 траўня самалёт «Белавія», які вылецеў з Масквы ў Гомель, ня змог прызямліцца ў гомельскім аэрапорце праз расейскую атаку дронамі супраць Украіны. Самалёт перанакіравалі на пасадку ў Менск.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG