Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве інфармацыі назвалі ўмову, пры якой могуць заблякаваць YouTube

Дзьмітры Жук, міністар інфармацыі Беларусі
Дзьмітры Жук, міністар інфармацыі Беларусі

Празь дзень пасьля таго, як міжнародная плятформа заблякавала каналы прапагандысцкага радыё «Беларусь» для замежжа міністар інфармацыі выказаўся пра невысокую імавернасьць блякады YouTube у Беларусі.

У сваіх словах Дзьмітры Жук ня выключыў блякаваньня плятформы, аднак дапушчае гэткі ход толькі ў адным «пажарным» выпадку.

«Пайсьці з пляцоўкі, на якой знаходзяцца нашыя з вамі грамадзяне, напэўна, так сабе гісторыя. Яшчэ раз паўтару тое, што я ўжо казаў: толькі ў выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы», — сказаў Дзьмітры Жук, якога цытуе БелТА.

Згодна словаў кіраўніка Міністэрства інфармацыі, заўсёды павінен быць запасны плян.

«Мы ня маем права складаць усе нашыя прадукты ў адзін кошык. Пагатоў калі гэты кошык у чужых руках. Разаб’юць абавязкова», — сказаў ён.

Далей чыноўнік зьвярнуўся да ўласна беларускага досьведу.

«У нас ёсьць досьвед, ёсьць Videobel, вельмі добрая плятформа. Яна тут жа пачне набіраць папулярнасьць, як зьнікнуць іншыя відэахостынгі. Трэба выкарыстоўваць усе наяўныя рэсурсы».

Што адбылося

3 красавіка YouTube выдаліў старонкі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама праўладных тэлеканалаў ОНТ і СТВ.

Прычынай, як сьцьвярджаюць дзяржаўныя СМІ Беларусі, сталі замежныя санкцыі.

14 траўня YouTube заблякаваў бяз права аднаўленьня каналы радыё «Беларусь» для замежжа.

Што прадстаўнікі ўладаў раней казалі пра YouTube

Улады Беларусі ўжо задумваліся, каб у адказ заблякаваць YouTube. Прапагандыст Іван Эйсмант прамовіў фразу:

«А навошта нам YouTube, калі там няма беларускіх праектаў?»

Пад «беларускімі праектамі» Эйсмант меў на ўвазе розныя каналы дзяржаўнай прапаганды.

Таксама ў той прамове ён абвінаваціў у падобным уплыве Сьвятлану Ціханоўскую, якая раней у Вільні сустракалася з прадстаўнікамі Google, гаворачы пра магчымыя абмежаваньні для дзяржаўных каналаў.

Новы міністар інфармацыі Дзьмітры Жук, які заступіў на пасаду 9 красавіка, на пытаньне, ці будуць у Беларусі блякаваць YouTube, раней адказваў асьцярожна.

«Усякае рашэньне, асабліва такога пляну, як забарона, павінна быць выразна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфэктыўным. Калі мы дэкляруем, але ня можам рэалізаваць, то лепш наагул не дэкляраваць, — кажа Жук. — Што тычыцца плятформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі акуратна».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG