Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтва Skaryna Press выпусьціла зборнік вершаў Ларысы Геніюш, напісаных у прадчуваньні ГУЛАГу

Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Вершы, якія ўвайшлі ў кнігу, славутая беларуская паэтка напісала паміж 1945 і 1947 гадамі ў Чэхаславаччыне перад арыштам і выдачай у СССР, якая закончылася для яе ГУЛАГАм.

Спосабам друку ды ілюстрацыямі зборнік вершаў імітуе рукапіс, які Ларыса Геніюш сабрала разам і перапляла, распачаўшы беларускую гісторыю «самвыдавецтва».

Гэтак лічыць дасьледніца творчасьці Ларыса Геніюш, доктарка гістарычных навук Тацяна Астроўская, якая напісала ўступны артыкул да зборніку.

Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947 / Ларыса Геніюш
Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947 / Ларыса Геніюш

У інтэрвію Свабодзе Астроўская расказала пра гісторыю назвы кнігі.

Зборнік вершаў Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947»
Зборнік вершаў Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947»

Spiritus flat ubi vult — цытата з Эвангельля ад Яна, якая з лаціны перакладаецца «Дух вее, дзе хоча». Паводле дасьледніцы, менавіта так, па-лацінску, Ларыса Геніюш напісала на тытульным аркушы зборніку гэтыя словы. Таксама яе рукой дапісана: «Вершы 1945–1947».

У такім выглядзе ў 1988 годзе рукапісны зборнік трапіў у лёнданскую Беларускую бібліятэку імя Скарыны, дзе праз чатыры гады яго ўпершыню надрукавалі на капіры. Рэдактарам той кнігі быў прафэсар Арнольд Макмілін, вядомы руплівым стаўленьнем да беларускай літаратурнай спадчыны, адзначае Астроўская:

«Фактычна гэта таксама было „самвыдавецтва“, але пад назвай „Вершы 1945–1947 гадоў“. Выдаўцы той кнігі палічылі, што цытата з Эвангельля на вокладцы — гэта эпіграф. Мы ж лічым, што гэта была назва рукапісу, бо яна цалкам адлюстроўвае сэнс сабраных вершаў і сьветаўспрыманьне Ларысы Геніюш — паэткі, якая творчасьцю і ўсім жыцьцём даказала, што вольны дух чалавека ўкласьці ў нейкія межы немагчыма», — сказала Тацяна Астроўская.

Тацяна Астроўская. Фота Тацяны Ўласенкі
Тацяна Астроўская. Фота Тацяны Ўласенкі

Кніга выйшла ў выдавецтве Skaryna Press. У ёй 41 верш, факсымільнае ўзнаўленьне ўсяго рукапісу, уступны артыкул і дзьве прадмовы, якія тлумачаць кантэкст і гісторыю рукапісу, яго зьмест і мову.

Паводле Тацяны Астроўскай, так шмат камэнтароў спатрэбілася праз асаблівасьці рэдактуры, патрэбу захаваць аўтэнтычныя асаблівасьці рукапісу і выправіць недакладнасьці першага выданьня зборніку.

«Гісторыя рукапісу Ларысы Геніюш ўва ўсіх сэнсах надзвычай цікавая. Калі ў 2023 годзе ўзьнікла ідэя выдаць гэты зборнік, мы спачатку думалі, што ўсё даволі лёгка атрымаецца: возьмем ужо некалі апублікаваныя тэксты, адскануем сам рукапіс, падрыхтуем усё разам да выданьня, надрукуем. Але ў працэсе працы ўзнікла шмат пытанняў, напрыклад, якім чынам захаваць мову Геніюш, аўтэнтыку яе горадзенскай гаворкі, а таксама спэцыфіку ейнага часу, які праглядаецца ў яе самвыдавецтве».

Астроўская нагадавае, што ў 1945 годзе Геніюш жыве ў Празе ў няпэўнасьці і ня ведае, што зь ёю і сям’ёй будзе далей.

Вершы Ларысы Геніюш, запісаныя ёю ўласнаручна
Вершы Ларысы Геніюш, запісаныя ёю ўласнаручна

Яна ўжо перажыла 1939 год, калі Чырвоная армія ўварвалася ў Заходнюю Беларусь і там пачаліся рэпрэсіі, яе бацьку расстралялі, сям’ю выслалі ў Казахстан, дзе маці памерла, два браты загінулі ў вайне. У вершах, што складаюць зборнік, прачытваецца туга па страчаным доме і прадчуваньне трагічнага.

Кніга вершаў Ларысы Геніюш
Кніга вершаў Ларысы Геніюш

«Гэта адбіваецца і на стылістыцы пісьма і мовы паэткі. Мы вырашылі максымальна захаваць аўтэнтычнасьць яе пісьма, яе гісторыі, асаблівасьці яе гаворкі. Таму рэдагаваньне было надзвычай асьцярожным ды ўважлівым, што падрабязна тлумачыць рэдактарка Яніна Лаўнік», — расказала Тацяна Астроўская.

У 1948 годзе ўлады Чэхаславаччыны арыштавалі Ларысу Геніюш і яе мужа лекара Янку Геніюша і перадалі ў СССР.

Падчас сьледзтва Ларысу Геніюш трымалі ў Менску, ў турме МГБ «амэрыканцы», яе асабіста дапытваў Лаўрэнці Цанава. Суд БССР асудзіў Геніюш на 25 гадоў гэтак званых «папраўча-працоўных лягераў», тэрмін паэтка адбывала на тэрыторыі Комі АССР.

«Калі Геніюш даведваецца пра іншых беларускіх зьняволеных, яна наладжвае зь імі сувязь. Таемна перасылае ім у тоненькіх, скручаных з цыгарэтнай паперы цыдулках («ксівах») свае вершы, якія ўдзячныя чытачы, такія ж вязьні, называюць «глюкозай», — расказала ў прадмове да кнігі пра лягернае «самвыдавецтва» Ларысы Геніюш дасьледніца Тацяна Астроўская.

Кніга Ларысы Геніюш «Spiritus flat ubi vult. Вершы 1945–1947» выйшла накладам 500 асобнікаў, яе можна замовіць на сайце лёнданскага выдавецтва Skaryna Press. Укладальнік кнігі — Ігар Іваноў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG