Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 85 гадоў з дня нараджэньня Анатоля Сербантовіча, 40 гадоў Аляксандру Рыбаку

Анатоль Сербантовіч
Анатоль Сербантовіч

Падзеі 13 траўня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Даты дня

1941 — Анатоль Сербантовіч, беларускі паэт. Аўтар зборнікаў паэзіі «Азбука», «Міннае поле», «Пярсьцёнак», «Жаваранак у зэніце». Акрамя вершаў, пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі.

У 1970 годзе ў Менску быў жорстка пабіты хуліганамі за беларускую мову і памёр.

Анатоль Сербантовіч. «Метеориты — словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Грыгорыя Остэра. Аўтограф перакладніка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).
Анатоль Сербантовіч. «Метеориты — словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Грыгорыя Остэра. Аўтограф перакладніка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).

1986 — Аляксандар Рыбак, нарвэскі музыка беларускага паходжаньня, пераможца конкурсу «Эўравізія-2009».

Дзень у гісторыі

1832 — расейскі імпэратар Мікалай I сваім рэскрыптам закрыў Віленскі ўнівэрсытэт. Амаль на стагодзьдзе край застаўся без сваёй вышэйшай школы (паводле старога стылю — 1 траўня).

1981 — адбыўся замах на папу Рымскага Яна Паўла II, які ўчыніў турэцкі тэрарыст Мэхмэт Алі Агджа. Папа акрыяў, але ад таго часу ўва ўсіх сваіх паездках Ян Павал і яго наступнікі сталі карыстацца панцырным «папамабілем» адмысловай канструкцыі.

2005 — ва ўзбэцкім Андыжане падчас узброенай маніфэстацыі былі забітыя ад некалькіх сотняў да тысячы мітынгоўцаў. У 2020-м, яшчэ ў чэрвені, за два месяцы да жнівеньскіх падзеяў і першых забітых на пратэстах, Лукашэнка практычна адкрыта заявіў пра магчымае ўжываньне зброі супраць пратэстоўцаў у Беларусі. Пры гэтым ён якраз успомніў узбэцкі Андыжан.

У гэты дзень нарадзіліся

1624 — Аляксандар Сапега, віленскі біскуп.

1680 — Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1840 — Тытус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Нікім больш пабыць не пасьпеў, бо толькі скончыў унівэрсытэт і быў расстраляны ў Вільні, калі меў усяго 23 гады.

1875 — Станіслаў Жукоўскі, польскі і расейскі мастак беларускага паходжаньня.

Станіслаў Жукоўскі, «Восень над Нёманам» (1931)
Станіслаў Жукоўскі, «Восень над Нёманам» (1931)

1876 — Станіслаў Гайдукевіч, менскі архітэктар, ахвяра сталінізму.

1879 — Янка Серада, палітык, першы старшыня Рады БНР, ахвяра сталінізму.

1894 — Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Вайсковец і дыплямат у часы БНР, у апошнюю вайну старшыня Беларускай народнай самапомачы, дзяяч эміграцыі ў ЗША.

1895 — Уладзіслаў Паўлюкоўскі, беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак. Вязень ГУЛАГу.

1905 — Стэфанія Станюта, акторка, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988), ляўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).

1933 — Аляксандар Кішчанка, беларускі мастак.

Будынкі з мазаічнымі пано ў менскім раёне Ўсход. Аўтар — народны мастак Беларусі Аляксандар Кішчанка
Будынкі з мазаічнымі пано ў менскім раёне Ўсход. Аўтар — народны мастак Беларусі Аляксандар Кішчанка


У памяці

1802 — Ян Гедройць, рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзяяч ВКЛ.

1916 — Шолам Алейхем, габрэйскі пісьменьнік, драматург і асьветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш, у тым ліку дзіцячай. Сапраўднае імя — Шолам Рабіновіч.

1930 — Фрыт’ёф Нансэн, нарвэскі палярны дасьледнік, які першы перасек Грэнляндыю на іртах, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1922 году.

1945 — Сяргей Крывец, паэт, прызваны ў Чырвоную армію (пры канцы сакавіка падчас вызваленьня Гдыні атрымаў цяжкае раненьне).

Мы забылі, што можна любіць.
Эх, ты, моладасьць наша суровая!
Але сёньня ўжо так і быць
Пацалую цябе, чарнабровая.

1990 — у Вільні згарэла „Лясная хатка“ Зоські Верас.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG