Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод іншаземцаў сама больш кватэраў у Беларусі купляюць расейцы. Дзе яны хочуць жыць

Іншаземцы аддаюць перавагу кватэрам у новых мікрараёнах, у тым ліку ў комплексе «Менск-Мір». Ілюстрацыйнае фота
Іншаземцы аддаюць перавагу кватэрам у новых мікрараёнах, у тым ліку ў комплексе «Менск-Мір». Ілюстрацыйнае фота

У Нацыянальным кадастравым агенцтве Беларусі паведамілі, што сярод іншаземцаў, якія набываюць кватэры ў Беларусі, 60% складаюць грамадзяне Расеі.

Згодна з інфармацыяй агенцтва, у сярэднім за 2024–2026 гады колькасьць набытага расейцамі жытла «стабільна знаходзіцца ў дыяпазоне 140–145 кватэраў».

«Далей з значным адрывам і доляй, меншай за 5%, ідуць прадстаўнікі такіх краін, як Літва, Кітай і Ўкраіна», — адзначылі ў агенцтве і ўдакладнілі, што такую статыстку лепш разглядаць у выніку году.

Іншаземцы аддаюць перавагу сучасным кватэрам у новых мікрараёнах з комплекснай забудовай. У прыватнасьці, у студзені–сакавіку 2026 году 40% набытых замежнымі грамадзянамі кватэраў знаходзілася ў мікрараёнах «Менск-Мір», Сухарава, Лебядзіны, вуліцы Лібкхнэхта, «Маяк Менску».

У 2025 годзе доля расейцаў сярод іншых іншаземцаў, якія набываюць жытло ў Беларусі, таксама складала 60%, грамадзян Кітаю і Ўкраіны — 5% і крыху больш за 2% — пакупнікі зь Літвы, Латвіі, Турэччыны, Казахстану і Ізраілю.

Паводле Нацыянальнага кадастравага агенцтва, кватэры ў Менску ў 2024–2026 гадах набылі прадстаўнікі 65 краін, у тым ліку Сальвадору, Каба-Вэрдэ і Грэнады.

Чаму гэта важна

Сёлета ў сакавіку ў Службе замежнай выведкі Ўкраіны зьвярнулі ўвагу, што пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну прыблізна 90% міграцыйнага патоку ў Беларусі складаюць грамадзяне Расеі.

«Масква актыўна стварае перадумовы для пераезду ляяльных грамадзян у Беларусь — і робіць гэта сыстэмна, з разьлікам на пэрспэктыву. Ідзецца пра памяркоўных прадстаўнікоў расейскага грамадзтва, а не прапуцінскіх актывістаў. Менавіта яны маюць шанец пасьпяхова асымілявацца на чужой, але не варожай тэрыторыі і пры патрэбе ператварыцца ў крытычную масу „карэннага расейскага насельніцтва ў Беларусі“ — тую, што будзе патрабаваць абароны праз неабходнасьць вывучэньня беларускай мовы. Сцэнар вядомы, інструмэнтар таксама», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.

У замежнай выведцы Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэта робяць неафіцыйна і не пад прымусам, як у савецкія часы, а шляхам штучнага стварэньня непрымальных умоваў для жыхарства памяркоўным расейцам, якія гатовыя да пераезду, але не плянуюць эміграваць у так званае «далёкае замежжа».

«Мэханізм просты: дзяржава пасьлядоўна і мэтадычна робіць жыцьцё лібэралаў нясьцерпным і не пакідае ім іншага выбару, апроч выезду, але выезду кантраляванага і ў зручным для Масквы кірунку», — адзначалі ўкраінскія выведнікі.

У замежнай выведцы Ўкраіны выказалі думку, што Масква такім чынам вырашае адразу дзьве задачы: пазбаўляецца грамадзян, якія пакуль здольныя думаць, і мэтадычна цэмэнтуе на будучыню свой уплыў на Беларусь.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG