Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная выведка Ўкраіны: Расея наўмысна выціскае сваіх грамадзян у Беларусь

Менск. Фота ілюстрацыйнае
Менск. Фота ілюстрацыйнае

У Службе замежнай выведкі Ўкраіны зьвярнулі ўвагу на тое, што пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну прыблізна 90 % міграцыйнага патоку ў Беларусі складаюць грамадзяне Расеі.

«Масква актыўна стварае перадумовы для пераезду ляяльных грамадзян у Беларусі — і робіць гэта сыстэмна, з разьлікам на пэрспэктыву. Мова ідзе пра памяркоўных прадстаўнікоў расейскага грамадзтва, а не прапуцінскіх актывістаў. Менавіта яны маюць шанец пасьпяхова асымілявацца на чужой, але не варожай тэрыторыі і пры патрэбе ператварыцца на крытычную масу „карэннага расейскага насельніцтва ў Беларусі“ — той, што будзе патрабаваць абароны праз неабходнасьць вывучэньня беларускай мовы. Сцэнар вядомы, інструмэнтар таксама», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.

У замежнай выведцы Ўкраіны мяркуюць, што Расея ня можа афіцыйна і прымусова, як гэта рабілася ў СССР, перасяляць частку свайго насельніцтва.

«Таму абралі іншы шлях: у РФ штучна ствараюць непрымальныя ўмовы для пражываньня памяркоўных расейцаў, якія гатовыя да пераезду, але не плянуюць эміграваць у далёкае замежжа. Мэханізм просты: дзяржава пасьлядоўна і мэтадычна робіць жыцьцё лібэралаў нясьцерпным і не пакідае ім іншага выбару, апроч выезду, але выезду кантраляванага і ў зручным для Масквы кірунку», — мяркуюць украінскія выведнікі.

У сувязі з гэтым замежная выведка Ўкраіны нагадала аб ухваленьні ў Расеі закону аб увядзеньні крымінальнай адказнасьць за адмаўленьне генацыду савецкага народу. Паводле ўкраінскіх выведнікаў, гэты дакумэнт цалкам упісваецца ў агульную канву ціску на лібэральных грамадзян.

Паралельна, адзначаецца ў паведамленьні, магутнымі міграцыйнымі чыньнікамі выступаюць блякаваньне інтэрнэту і сацыяльных сетак, пакараньні за «фэйкі» пра расейскую армію, безальтэрнатыўнасьць выбараў і іншыя пасьлядоўны недэмакратычныя працэсы.

«У Беларусі цяпер усё гэта адчуваецца ня так востра. Але пакуль. Таксама апошнім часам пераезд у РБ актыўна прасоўваецца ў сацыяльных сетках лібэральным расейцам як новае месца пражываньня. Нешта на ўзор рэспублік Балтыі ў часы СССР — адносна больш свабодна, адносна сваё і дастаткова блізкае, каб не адчуваць сябе эмігрантам», — патлумачылі ў Службе замежнай выведкі Ўкраіны.

Паводле ўкраінскай выведкі, Масква такім чынам вырашае адразу дзьве задачы: пазбаўляецца грамадзян, якія пакуль здольныя думаць, і мэтадычна цэмэнтуе на будучыню свой уплыў на Беларусь.

Сапраўды апошнім часам у сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваюць магчымы масавы пераезд расейцаў у Беларусь, асабліва пасьля блякаваньня там Telegram і абмежаваньняў інтэрнэту. Беларусы абураюцца, што ўсходнія суседзі няправільна называюць краіну — «Белоруссией», што хочуць разьлічвацца расейскімі рублямі, карыстацца sim-картамі расейскіх мабільных апэратараў бяз роўмінгу, «размаўляюць на 25% гучней» і агулам паводзяць сябе як гаспадары, а не як госьці.

У пачатку сакавіка камісія ўраду Расеі па заканапраектнай дзейнасьці ўхваліла ўнясеньне на разгляд Дзяржаўнай думы праекту закону, што прадугледжвае выкарыстаньне вайскоўцаў для абароны расейскіх грамадзян, арыштаваных за мяжой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG