Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная рада ня спыніць працы з плятформай Sumsub. Выбараў не адклалі, але ў прызначаны час яны не пачаліся

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Другі раз пераносіць пачатак выбараў у Каардынацыйную раду (КР) новага скліканьня ня будуць. Галасаваньне пачнецца а 22-й гадзіне беларускага часу.

Абноўлена. Выбары, аднак, у прызначаны час не пачаліся.

Выбарчая камісія КР у выніку разгляду супрацы з KYC-правайдэрам Sumsub выпусьціла афіцыйную заяву, у якой адзначыла, што тэхнічная каманда пад кіраўніцтвам Паўла Лібера супольна з прадстаўніцай Выбарчай камісіі Аленай Прыходзькай правяла дадатковую ацэнку рызык, зьвязаных з выкарыстаньнем KYC-правайдэра Sumsub.

Праверку ладзілі ў сувязі зь нядаўнімі грамадзкімі абмеркаваньнямі і публікацыямі ў мэдыя.

«У межах гэтай праверкі каманда вывучыла публічна даступную інфармацыю, афіцыйныя заявы кампаніі, яе практыкі ў галіне бясьпекі і адпаведнасьці правілам, а таксама дадатковыя тлумачэньні, пададзеныя Sumsub. У выніку ацэнкі не было выяўлена фактаў ці абставінаў, якія вымагаюць спыненьня ці прыпыненьня супрацы з кампаніяй».

Sumsub — міжнародны правайдэр рашэньняў для вэрыфікацыі карыстальнікаў, які працуе з тысячамі кліентаў па ўсім сьвеце ў рэгуляваных галінах бізнэсу. Кампанія выконвае міжнародныя стандарты абароны зьвестак і інфармацыйнай бясьпекі, уключна з патрабаваньнямі GDPR, а таксама рэгулярна праходзіць незалежныя аўдыты ў галіне інфармацыйнай бясьпекі і нарматыўнай адпаведнасьці.

На падставе вынікаў ацэнкі Выбарчая камісія КР пастанавіла праводзіць галасаваньне ў раней вызначаныя тэрміны — з 11 па 17 траўня 2026 году.

Раней у Каардынацыйнай радзе і тэхнічнай камандзе заяўлялі, што спасылкі для галасаваньня зьявяцца толькі перад самай датай выбараў.

Варта адзначыць, што сайт самой КР у апошнія гадзіны перад заплянаваным пачаткам выбараў заладоўваецца зь цяжкасьцю.

Чаму ладзілі дадатковую праверку?

Раней высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 году кампанія пасьля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі зьвестак некаторых карыстальнікаў.

Што тычыцца тэхнічнай абслугі выбараў у КР, дык Павал Лібер расказваў Свабодзе, якім чынам яны будуць адбывацца.

Пасьля галасаваньня выбарнік атрымае адмысловы код, пры дапамозе якога зможа праверыць, ці слушна улічаны быў голас. «Такім чынам забясьпечваецца двайны кантроль», — сказаў Лібер.

Выбары ў Каардынацыйную раду. Што важна ведаць?

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG