Будуць абмяркоўваць і магчымасьць адкласьці галасаваньне зь меркаваньняў бясьпекі. Выбары ў Каардынацыйную раду маюць пачацца заўтра, 11 траўня, і працягвацца тыдзень. Беларусам для ўдзелу трэба прайсці вэрыфікацыю: сфатаграфавацца і прыкласьці свой пашпарт. Гэтыя зьвесткі паступяць падрадчыку, кампаніі Sumsub.
Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?
Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.
Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 года кампанія пасьля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі даных некаторых карыстальнікаў.
Што такое Каардынацыйная рада?
У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 асобаў. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.
Форум