Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавілі матэрыялы сайту Kamunikat.org, які пацярпеў ад хакерскай атакі, але сайт пакуль не працуе

Плякат Kamunikat.org
Плякат Kamunikat.org

Стваральнік беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Яраслаў Іванюк папярэдзіў іншыя беларускія культурніцкія праекты аб пагрозе атак і на іх.

Адноўленая частка матэрыялаў сайту інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org, якая 7 траўня стала аб’ектам атакі хакераў. Пра гэта 8 траўня паведаміў Свабодзе заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк.

Паводле Іванюка, сайт для наведнікаў пачне працаваць не адразу.

«Спачатку трэба правесьці ўсе патрэбныя захады, каб пераканацца, што няма шкоднага вірусу», — патлумачыў Яраслаў Іванюк.

Дзень поўнага аднаўленьня працы сайту Іванюк не назваў, як і ня ўзяўся ацаніць у працэнтах долю матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі, якую ўжо ўдалося аднавіць.

«Сайт адноўлены фактычна поўнасьцю. Цяпер займаемся ўдасканаленьнем структуры, каб унікнуць падобнага роду атак у будучыні. Праца ідзе, але калі яна будзе завершаная, сказаць пакуль складана», — прызнаў кіраўнік Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

Яраслаў Іванюк сказаў, што паінфармаваў пра здарэньне з інтэрнэт-бібліяткай ўстанову польскай сыстэмы кібэрбяспекі CERT Polska — каманду рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі ў інтэрнэце, якая дзейнічае ў складзе дзяржаўнага дасьледчага інстытуту NASK («Навуковая і акадэмічная кампутарная сетка»).

«Папярэджваю калегаў, каб былі пільныя»

CERT Polska адказвае за рэагаваньне на інцыдэнты зь бясьпекай у інтэрнэце, але ня мае сьледчых кампэтэнцыяў. Там Іванюка выслухалі і прапанавалі запоўніць адпаведныя дакумэнты аб здарэньні.

«Я таксама расказаў гісторыю ціску і атак на „Kamunikat“. Далей яны будуць дзейнічаць паводле сваіх задачаў, мы ж працягваем выконваць свае. Але ўжо цяпер на 100% перакананы, што гэтая атака невыпадковая і што пад падобнай пагрозай апынуліся ня толькі мы, але і сайты іншых культурніцкіх беларускіх праектаў».

Іванюк заклікаў калегаў па беларускіх культурніцкіх праектах, каб былі пільныя.

«У нас усё пачыналася ў кастрычніку мінулага году, калі рэзка ўзрасьлі запыты з IP-адрасоў, зарэгістраваных у Кітаі. У лістападзе іх было ўжо ў тысячу разоў болей. Ад атакі ў канцы сьнежня ўдалося адбіцца, але атака цяпер была яшчэ больш масавая: на нас напалі адначасова з адрасоў у Тайвані, Сынгапуры, Інданэзіі, іншых паўднёваазіяцкіх краін. Таму рэкамэндаваў бы калегам быць пільнымі, адсочваць падазроныя запыты і своечасова блякаваць IP-адрасы, зь якіх яны ідуць», — пералічыў Яраслаў Іванюк свае парады ў размове з Свабодай.

Паводле Яраслава Іванюка, праца дзеля аднаўленьня інтэрнэт-бібліятэкі працягваецца.

Чым важны Kamunikat.org для беларускай культуры

У выніку хакерскага была нападу парушаная праца беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.

Паводле Яраслава Іванюка, Kamunikat.org ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў супраць беларускай культуры і мовы быў ня толькі бібліятэкай, але і інструмэнтам аховы культурнай спадчыны, а таксама плятформай, якая падтрымлівае свабодны доступ да ведаў і незалежнай творчасьці.

На сэрвэрах захоўваецца больш за 70 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацыяў — кнігі, газэты, часопісы, аўдыёкнігі, відэа- і аўдыёматэрыялы пра Беларусь.

«Летась прызналі наш сайт месцам, дзе трымаюцца „экстрэмісцкія матэрыялы“, пазьней увогуле прызналі нас „экстрэмісцкім фармаваньнем“, менская пракуратура вырашыла, што зьмест кнігі Дароты Міхалюк пра БНР, якую мы выдалі, „нясе пагрозу інтарэсам Рэспублікі Беларусь“. Таму тое, што здарылася гэтай ноччу, — гэта працяг», — заявіў Свабодзе Іванюк.

  • Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org, якая была заснаваная і папаўняецца ў Беластоку, летась споўнілася 25 гадоў.
  • Яе наведнікі — пераважна беларусы.
  • Акрамя інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», Яраслаў Іванюк пазьней стварыў аднайменнае выдавецтва.
Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG