Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску не дазволілі шэсьце «Бессмертного полка»

«Бессмертный полк» у Менску, 2019 год. Тады ўлады дазволілі прайсьці шэсьцем усяго 200 мэтраў — ад музэю 1-га зьезду РСДРП да плошы Перамогі
«Бессмертный полк» у Менску, 2019 год. Тады ўлады дазволілі прайсьці шэсьцем усяго 200 мэтраў — ад музэю 1-га зьезду РСДРП да плошы Перамогі

Менскі гарвыканкам не дазволіў правесьці 9 траўня шэсьце «Бессмертного полка».

Пасьля гэтага аргкамітэт акцыі заклікаў ахвотных абмежавацца ўскладаньнем кветак на плошчы Перамогі і прынесьці з сабой партрэты сваякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Абяцаюць раздаваць георгіеўскія стужкі.

Апошні раз шэсьце ў Менску дазволілі ў 2022 годзе.

Тым часам у абласных цэнтрах калёны арганізатараў зьбіраюцца далучыцца да ініцыяваных уладамі шэсьцяў «Беларусь памятае».

У Расеі падобныя акцыі пройдуць у звычайным фармаце ў трох дзясятках рэгіёнаў, але не ў Маскве. Там праводзіць шэсьце палічылі небясьпечным, і акцыя пройдзе онлайн.

Чаму гэта важна

«Бессмертный полк» — прыклад таго, як грамадзкая ініцыятыва становіцца інструмэнтам прасоўваньня наратываў «русского мира», мілітарызму і ўслаўленьня камуністычнага мінулага на дзяржаўным узроўні.

Упершыню акцыю «Бессмертный полк» правялі ў 2012 актывісты ў Томску. Пазьней Крэмль прыстасаваў яе для прапагандысцкіх мэтаў. У 2015 годзе на яе выйшаў Уладзімір Пуцін з партрэтам бацькі.

У Беларусі за акцыяй стаяць прарасейскія і прасавецкія сілы. Да прыкладу, грамадзкае аб’яднаньне «За Саюз і Камуністычную партыю Саюзу» заклікае на сваім сайце адрадзіць СССР і сьцьвярджае, што гэта і ёсьць «свая» дзяржаўнасьць для беларускага народу і ягонае «самавызначэньне».

Кіраўнік беларускага сайту і праекту «Бессмертный полк» — Андрэй Герашчанка. Ён таксама кіраўнік віцебскага «Русского дома» і Каардынацыйнага савету расейскіх суайчыньнікаў у Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка падчас адной з прэс-канфэрэнцый сказаў, што ён супраць акцый «Бессмертного полка», бо існуе афіцыйная акцыя «Беларусь памятае».

Шматлікія спробы зарэгістраваць арганізацыю «Бессмертного полка» ў Беларусі ня мелі плёну.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG